BE RU EN

Расейскія алігархі напружыліся ў чаканні амэрыканскага дакладу

  • 13.01.2018, 21:29

Мінфін ЗША заканчвае працу над сваім першым афіцыйным спісам «алігархаў», блізкіх да ўладара РФ.

"Міністэрства фінансаў ЗША заканчвае працу над сваім першым афіцыйным спісам "алігархаў", блізкіх да ўрада прэзідэнта Пуціна, і гэта падштурхоўвае багатых расейцаў да ліхаманкавых спроб засцерагчы свае капіталы і рэпутацыю", - сцвярджае журналістка Bloomberg (пераклад - inopressa.ru) Салеха Мохсін.

"Са слоў дзвюх інфармаваных крыніц, некаторыя асобы, якія мяркуюць, што з вялікай імавернасцю могуць апынуцца ў спісе, правялі "стрэс-тэсты", каб высветліць патэнцыйныя наступствы для сваіх інвестыцый. Іншыя, як кажуць іхнія амэрыканскія кансультанты, спрадаюць свае актывы. Расейскія бізнэсоўцы звярнуліся да былых чыноўнікаў Мінфіна і Дзяржаўнага дэпартамента, якія маюць досвед працы з санкцыямі, каб гэтыя чыноўнікі дапамаглі ім унікнуць унясення ў спіс, сказаў экс-супрацоўнік Дзяржаўнага дэпартамента Дэн Фрыд, які заявіў, што адхіліў такія прапановы. Адзін чалавек, з якім былі кантакты, сказаў, што некаторыя расейцы даслалі ў Вашынгтон сваіх давераных асоб, спрабуючы ўнікнуць пагалоскі аб лабіяванні", - піша выданне.

Апошні тэрмін для складання спісу, прадугледжаны законам, - 29 студзеня гэтага года.

"Гэта больш нізкая ступень у параўнанні з санкцыямі, бо актывы не блакуюцца, але на рэпутацыю гэта дзейнічае сапраўды гэтак жа, як санкцыі: ты ў спісе асоб, занятых чымсьці нядобрым", - сказаў Эрых Фэрары, заснавальнік кампаніі Ferrari & Associates .

Выданне паведамляе: "Са слоў інфармаванай крыніцы, у Міністэрстве фінансаў ЗША спіс таксама стаў "крыніцай галаўнога болю": некаторыя чыноўнікі асцерагаюцца, што ён будзе аб'яднаны з санкцыямі". Чыноўнікі Мінфіна разглядаюць ідэю засакрэціць некаторыя часткі дакладу і выдаць яго ў форме ліста ад Сігаль Мандэлклер, высокапастаўленай супрацоўніцы міністэрства, каб размежаваць даклад і спісы расейцаў, якія знаходзяцца пад эканамічнымі санкцыямі ЗША, паведаміла крыніца на ўмовах ананімнасці.

"Кангрэс таксама запатрабаваў, каб міністэрства фінансаў прааналізавала ўздзеянне патэнцыйных санкцый на расейскія дзяржаўныя аблігацыі", - піша выданне, адзначаючы: калі ЗША накладуць санкцыі на аблігацыі, гэта стане моцнай плягай для фінансаў Расеі.

Апошнія навіны