BE RU EN

Эканоміка Расеі аднавіла падзенне

  • 13.01.2018, 20:09

Пагаршэнне паказчыкаў, якое адбылося нягледзячы на аднаўленне кошту нафты, ставіць эканоміку РФ у слабае становішча.

Паводле ацэнкі JPMorgan Chase & Co, найбольшага ў ЗША банка, тэмпы эканамічнага росту ў краіне, якая з'яўляецца найбольшым у свеце экспарцёрам энэргарэсурсаў, напэўна, былі адмоўнымі на працягу апошніх двух кварталаў мінулага года, сігналізуючы аб тэхнічнай рэцэсіі, праз нечаканую млявасць у цэлым шэрагу сэгмэнтаў, ад спажывання да прамысловай вытворчасці, піша finanz.ru.

Год да года ўнутраны брута-прадукт усё ж павялічваецца: цэнтральны банк ацэньвае тэмпы росту ў 2017 годзе на 1,7-2,2 адсотка і прагназуе падобныя паказчыкі ў 2018 годзе. Афіцыйных звестак аб дынаміцы УБП пасля трэцяга квартала яшчэ не друкавалася.

"Рост быў звязаны з шэрагам разавых чыннікаў, уплыў якіх цяпер сыходзіць на нішто, - кажа эканамістка Barclays Capital у Лондане Ліза Ярмоленка. - Разрыў паміж фактычным і патэнцыйным УБП, відаць, практычна зліквідаваны, таму прасторы для далейшага аднаўлення няшмат".

Пагаршэнне паказчыкаў, якое адбылося нягледзячы на аднаўленне кошту нафты, ставіць эканоміку ў слабае становішча на пачатку новага года. У той час як намаганні ўрада падтрымалі інвестыцыі ў 2017 годзе - паводле ацэнкі АТ "Райффайзэнбанк", на чатыры праекты з вядучай роляй дзяржавы прыпала больш як палова капітальных выдаткаў - некаторыя з іх закончацца ўжо сёлета.

Хуткі адкат

Хоць, паводле прагнозу JPMorgan, "паслабленне будзе часовым", гэткі хуткі адкат пасля пераадолення спаду ў сярэдзіне 2015 года падкрэслівае дылему, з якой можа сутыкнуцца прэзідэнт Уладзімір Пуцін у спробе падаць эканамічную сітуацыю як аргумент на сваю карысць падчас кампаніі вылучэння на новы шасцігадовы тэрмін на сакавіцкіх выбарах.

Нягледзячы на ўстойлівасць Расеі да падвойнага выкліку зніжэння кошту нафту і ўвядзення заходніх санкцый, падзенне УБП, паводле ацэнкі дзяржаўнай карпарацыі "Внешэкономбанк", паскорылася ў месячным вылічэнні са знятай сэзоннасцю ў верасні, кастрычніку і лістападзе.

"Расейская эканоміка замарудзілася ў другім паўгоддзі пасля вельмі моцнага першага паўгоддзя, - сказаў аналітык JPMorgan Анатоль Шаль. - Надзвычайная слабасць апошніх некалькіх месяцаў стала сюрпрызам".

Апошнія навіны