BE RU EN

Як беларусам тлумачылі, чаму падаражэў бензін

  • 12.01.2018, 18:44

За апошнія сем гадоў ва ўладаў было шмат прычынаў павялічыць кошт паліва.

«Белнафтахім» мяркуе неабходным павялічыць кошты на нафтапрадукты на 23% у сувязі з тым, што «ў канцы мінулага года на рынку нафты і нафтапрадуктаў адбыліся значныя змены, якія ўплываюць на эфектыўнасць працы беларускіх НПЗ». Tut.by паглядзеў, з якіх прычынаў змяняўся кошт паліва за апошнія сем гадоў.

– У снежні 2017-га сярэднія сусветныя каціроўкі нафты склалі 63,9 даляра за 1 бараль і на 25,8% перавысілі ўзровень каціровак жніўня 2017 года ($ 50,8 за 1 бараль), – сказаў намеснік кіраўніка канцэрна Андрэй Рыбакоў.

Цікава, але за апошнія сем гадоў кошт паліва змяняўся прынамсі разоў дваццаць, абгрунтаванні таксама былі рознымі.

2011 год – рэкордныя 11 падаражэнняў за год

Беларусы ўжо не памятаюць, але ў 2011 годзе паліва даражэла 11 разоў. Часцей за ўсё гучалі версіі пра тое, што «падаражанне звязанае з падаражаннем сыравіны і розніцай коштаў з суседнімі краінамі». Маўляў, «дысбаланс коштаў спрыяе сталаму росту вывазу нафтапрадуктаў у суседнія дзяржавы». Каму ад гэтага было дрэнна, незразумела.

Тады ж канцэрн адзначаў, што «асноўным складнікам у структуры выдаткаў на вытворчасць нафтапрадуктаў (больш за 85%) з'яўляецца кошт нафтавай сыравіны, а таксама кошты на электраэнэргію і газ, неабходныя ў тэхналагічным працэсе вытворчасці маторнага паліва, чыгуначныя тарыфы на перавозку нафтапрадуктаў». Кошт за бараль, нагадаем, тады быў роўны 111 далярам.

Акрамя гэтага, важным чыннікам коштаўтварэння ў «Белнафтахіме» называлі падатковую нагрузку ў выглядзе акцызаў, стаўкі якіх вызначаюцца заканадаўча.

2012 год – «паэтапнае збліжэнне коштаў з Расеяй»

У 2012 годзе кошты на паліва мяняліся чатыры разы. Канцэрн «Белнафтахім» перагляд коштаў на нафтапрадукты традыцыйна тлумачыў неабходнасцю «паэтапнага збліжэння коштаў на тавары ў краінах Мытнага звязу, а таксама павышэння эфектыўнасці працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў для забеспячэння магчымасці далейшай мадэрнізацыі вытворчасці». Кошт за бараль тады быў роўны 121 даляру.

Не абышлося і без традыцыйнай агаворкі: «кошты на паліва ў суседзяў вышэйшыя, чым у Беларусі».

2013 год. Пяць падаражанняў.

Багаты на падаражанні паліва 2013 год стаў багатым на тлумачэнні змены кошту на паліва. Сярэдні кошт бараля нафты за год – блізу 109 даляраў. Прычынамі павышэння коштаў на паліва ў Беларусі называліся выраслыя стаўкі акцызаў на бензін і дызель – на 20%. А таксама змяненне курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў.

Меркавалася, што выкарыстанне індэксацыі рознічных коштаў у залежнасці ад курсу даляра да беларускага рубля дазволіць спалучаць дзяржаўнае і рынкавае рэгуляванне коштаў і наблізіць дзейсны ў Рэспубліцы Беларусь механізм коштаўтварэння на аўтамабільнае паліва да сусветнай практыкі. Да таго ж новы механізм дасць магчымасць нафтаперапрацоўчым заводам больш аператыўна рэагаваць на змены кошту нафтавай сыравіны, якую беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы набываюць у Расейскай Федэрацыі паводле папярэдняй аплаты толькі за валюту.

2014 год. Раз і назаўжды прывязка да курсу даляра

У 2014-м кошт паліва змяняўся чатыры разы за год, сярэднегадавы кошт бараля нафты быў роўны амаль 99 далярам. Тады ж была прынятая «канчатковая і беспаваротная пастанова» прывязаць кошт паліва да курсу даляра распараджэннем Лукашэнкі.

«Наш бензін сярэдні – даляр. Не еўра – даляр! Але ўсё адно кошт нашага бензіну, па-мойму, крыху ніжэйшы, чым у Расеі, не кажучы пра Украіну, пра Еўрапейскі звяз. Але куды дзенешся, баланс трэба падтрымліваць, інакш будуць вывозіць», – сказаў тады дыктатар.

Адзін даляр – літр паліва. Кошты на іх планавалася пераглядаць адзін раз у канцы квартала. Але нешта пайшло не так.

2015–2016 гады. Гады стабільнасці.

Своеасаблівы рэкорд для Беларусі. Кошты на паліва трымаліся крыху больш за два гады без зменаў і даражэлі за два гады аднойчы – у студзені 2015 года, адразу пасля навагодніх святаў. Змены адбыліся згодна з прынятай канцэпцыяй – 1 літр паліва роўны 1 даляру.

Прывязка кошту паліва да даляра павінна была даць нафтаперапрацоўчым заводам магчымасць «больш аператыўна рэагаваць на змены кошту нафтавай сыравіны», якую мы закупляем у Расеі паводле перадаплаты за валюту, і дазволіць НПЗ забяспечваць «максімальную эфектыўнасць працы нафтаперапрацоўчых заводаў Рэспублікі Беларусь і магчымасць для іхняй далейшай мадэрнізацыі». Але нешта пайшло не так.

2017 год. Крок у капейку, падаражанне на 6%

Пасля зацяжнога стрымлівання коштаў цягам двух гадоў «Белнафтахім» загаварыў пра неабходнасць падняць кошты на паліва. Тады канцэрн патлумачыў падвышэнне коштаў на маторнае паліва «зменай кан'юнктуры рынку» і паабяцаў, што надалей кошт паліва будзе змяняцца толькі згодна з гэтым кірункам.

Змяненне кошту на капейку шматлікія аўтамабілісты нават не заўважылі. Але да канца года кошт літра паліва вырас у сярэднім на 6%. На 5% падаражэў дызель, на 7% вырас кошт бензіну.

Апошнія навіны