BE RU EN

Фотафакт: мянчанка шукае новага мужа з дапамогай налепкі на машыне

Патэнцыйныя мужы тэлефануюць жанчыне па тры разы на дзень.

У сацыяльнай сетцы пратачыліся фатаграфіі з машынай маркі «Альфа Рамэа», на якую наляпілі цікавую абвестку: «Шукаю мужа». Nn.by патэлефанаваў уладальніцы аўто, каб высветліць, наколькі такі незвычайны спосаб дапамагае ў наладжванні спраў сардэчных.

Кіроўца аўтамабіля - 39-гадовая Віталіна Ненаракомава.

ФОТА ВІТЫ З САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТАК

Жанчына працуе seo-спецыялістам у кампаніі, якая займаецца каваннем. Яна распавяла, што яшчэ не развялася з былым мужам, але яны не жывуць разам ужо як паўгода, таму яна пачала шукаць новага: «Наш шлюб - толькі фармальнасць».

«Налепку з абвесткай і маім нумарам тэлефона я замовіла тыдзень таму. Маленькая дачка, вядома, мяне не разумее, усё пытаецца: «Мама, навошта ты шукаеш новага тату?». Але я ўжо бачу, што такі метад вельмі эфектыўны. Можаце так і напісаць: гэта выдатны спосаб пазнаёміцца з новымі людзьмі і павялічыць канцэнтрацыю мужчын у сваім жыцці. Каб у жанчыны быў выбар і ёй не даводзілася пагаджацца на першага сустрэчнага».

Наколькі такі спосаб знаёмстваў эфектыўны? Мяркуйце самі: у сярэднім жанчыне тэлефануюць тры разы за дзень. Кожны вечар яна ходзіць на новае спатканне. Сярод патэнцыйных жаніхоў трапляліся і неадэкватныя: так, п'яная кампанія на чале з альфа-самцом-вахцёрам спрабавала падрэзаць віту на «Жыгулях»: прапанову рабілі прама на хаду. Але жанчына іх адшыла: «Хочацца знайсці калі не прынца, то дакладна не рабочага-алкаголіка, таго, хто можа пачаставаць кубачкам кавы».

Віта прызнаецца, што нават калі не знойдзе жаніха, то новыя знаёмствы - гэта як раз тое, чаго ёй у жыцці не ставала.

У жанчыны ёсць старонка ў сацсетках, але яна адзначае, што ў мужчын, якія там сядзяць, мала ініцыятывы.

«Як паказвае практыка, мужчыны з інтэрнэту сядзяць азадкам на канапе і толькі на перапіску здольныя. На спатканне яны запрашаюць зрэдку, а вось мужчыны, якія тэлефануюць, клічуць зганяць на каву амаль адразу. Можа, працуе атмасфера дарогі, руху?», - мяркуе жанчына.

Часцей за астатніх ёй за гэты час тэлефанавалі маладыя людзі да 37 гадоў. Віта кажа, што гэта таму, што ім падабаюцца авантуры.

Праўда, спланаваць сустрэчу нармальна яны не могуць: пакідаюць гэты абавязак за жанчынай. Адзін раз нумар набраў 50-гадовы начальнік, але сустракацца чамусьці пасаромеўся. Цікава, што мужчын не палохае дзіцячае ружовае крэсла ў машыне: знак, што ў кіроўцы ёсць дзіця. «Для некаторых мужчын гэта нават бонус», - мяркуе Віта.

Праўда, пакуль ні адзін з гэтых джэнтльменаў гераіні не спадабаўся, таму здымаць з машыны налепку яна не думае, хоць яе крэатыў не ацаніў нават начальнік з працы.

Пошукі ідэальнага кандыдата працягваюцца.

Апошнія навіны