У беларуса ў двары знайшлі некалькі дзясяткаў рарытэтных зброевых ствалоў
- 6.09.2017, 21:10
Часткі вінтовак розных эпох і мадэляў і амаль цэлыя кулямёты захоўвалася ў вёсцы Падстарынь.
Часткі вінтовак розных эпох і мадэляў, кулямётныя ствалы і амаль цэлыя кулямёты, іншыя фрагменты старой зброі знайшлі міліцыянеры ў 51-гадовага жыхара Івацэвіцкага раёна. Усяго канфіскавана 34 стрэльбавыя і кулямётныя ствалы, а таксама рэшткі двух сігнальных пісталетаў. Пра гэта паведамілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз, піша «Онлайнер».
Цяпер тут павінны праверыць кожны асобнік на прадмет таго, ці здольны ён лічыцца агнястрэльнай зброяй.
Калекцыя іржавых фрагментаў зброі захоўвалася ў вёсцы Падстарынь, у двары дома. Усе яны для стральбы не прыдатныя, моцна пашкоджаны карозіяй. Тым не менш прызначаная балістычная экспертыза. Экспэрты вызначаюць, да якога ўзору і году яны належаць.
Паводле іх звестак, тут сабраны ўзоры, якія належаць да канца 19 - першай паловы 20 стагоддзяў і якія былі на ўзбраенні французскага, нямецкага, шведскага і савецкага войска.
Крымінальная справа не распачыналася, Івацэвіцкі РАУС праводзіць праверку.
У Дзяржкамітэце судовых экспэртыз звярнулі ўвагу на тое, што незаконнае захоўванне частак зброі ў любым выглядзе (у тым ліку са слядамі карозіі, іншымі пашкоджаннямі) на прысядзібных участках, у двары дома можа даставіць праблемы ўладальнікам. У некаторых выпадках, нягледзячы на візуальную непрыдатнасць, пасля балістычнай экспертызы зброя прызнаецца прыдатнай для стральбы, што цягне крымінальную адказнасць.