Foreign Policy назвала новага магчымага кіраўніка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША
- 6.09.2017, 21:02
Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан можа пакінуць сваю пасаду.
Рэкса Тылерсана на пасадзе дзяржсакратара можа змяніць сталая прадстаўніца ЗША ў ААН Нікі Хэйлі.
Пра гэта The Foreign Policy піша са спасылкай на былых і дзейных супрацоўнікаў Дзяржаўнага дэпартаменту.
Выданне адзначае, што апошнім часам Тылерсан не рабіў заяў пра ракетныя пускі КНДР. У той час як Хэйлі дэманструе актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні. Таксама яна падае пазіцыю ЗША што да ядзернага пагаднення з Іранам.
У Дзярждэпе паведамілі, што ў гэтыя выходныя Тылерсан пабываў у Тэхасе ў сувязі з пераадоленнем наступстваў урагану «Харві». А на пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі ЗША з нагоды выпрабаванняў КНДР ён нібыта ўдзельнічаў дыстанцыйна.
Прадстаўнік ведамства запэўніў выданне, што дзяржсакратар працягвае актыўную працу і праводзіць сустрэчы з міжнароднымі партнёрамі.
У ліпені 2017 года тэлеканал CNN са спасылкай на дзве ананімныя крыніцы паведамляў, што Тылерсан задумаўся пра адстаўку праз расчараванне ў адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа. Тады дзяржсакратар зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.
У жніўні крыніцы The Washington Post паведамілі, што ён наўрад ці ўтрымаецца на сваёй пасадзе да студзеня 2018 года.
Тылерсан узначаліў Дзярждэп у лютым 2017 года.