BE RU EN

Дэмограф: Дзяржава стымулюе нараджэнне трэцяга дзіцяці, а трэба першага

Анастасія Баброва распавяла пра асаблівасці дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі.

У 2016 годзе ў Беларусі знізілася нараджальнасць: нарадзілася 117 779 дзяцей, на 1249 менш, чым у 2015 годзе. А дагэтуль пяць гадоў мы назіралі рост нараджальнасці. Упала нараджальнасць першага і другога дзіцяці, а павялічылася трэцяга, чацвёртага і пятага. У інтэрв'ю euroradio.by загадчыца сектарам сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі Інстытута эканомікі НАН Анастасія Баброва аналізуе лічбы і тлумачыць асаблівасці дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі.

- У 2015 годзе ў Беларусі пажаніліся 82 тысячы пар, а праз год, - усяго 64 тысячы. Чым можна растлумачыць такі скачок ўніз? Як гэта адаб'ецца на нараджальнасці?

- Гэта заканамерна, бо скарацілася колькасць насельніцтва ва ўзросце 20-29 гадоў. У 90-я была яма ў нараджальнасці. Адпаведна, людзей гэтага ўзросту ў параўнанні з 2011-м годам стала на 200 тысяч менш. Натуральна, гэта адбілася і на колькасці шлюбаў. Таму казаць, што ў шлюбнай структуры адбылася нейкая дзікая трансфармацыя, нельга, бо колькасць разводаў павялічылася нязначна.

Гэтак жа і з нараджальнасцю. Натуральна, што яна будзе падаць. Бо 25-27-гадовых жанчын, якія ўступаюць у шлюб і нараджаюць дзяцей, у гэтым узросце становіцца менш. Гэта звязана не столькі з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй, хоць гэта таксама нельга адмаўляць, колькі са зменамі ў структуры насельніцтва. Гэта будзе працягвацца, пакуль сучасныя меры дэмаграфічнай палітыкі не дасягнуць усплёску.

- Колькі трэба чакаць?

- Гадоў пятнаццаць. Зноў жа, трэба ўлічваць і ўплыў еўрапейскіх тэндэнцый і агульны глабальны дэмаграфічны пераход - павелічэнне ўзросту ўступлення ў першы шлюб і нараджэння першага дзіцяці. Гэта ўжо заўважна па жанчынам ад 30 да 40 гадоў. Мы кажам, што ўвялі сямейны капітал. Ёсць пэўны эфект ад гэтага, калі казаць пра другіх, трэціх і чацвёртых дзецях. Але жанчыны пачынаюць нараджаць і першае дзіця ў гэтым узросце, што кажа пра больш асэнсаваны падыход да нараджэння дзіцяці.

Нельга сказаць, што дэмаграфічная сітуацыя дрэнная. З іншага боку, ці добра будзе, калі ў нас пачнуць масава нараджаць 15-гадовыя? Так, мы павялічым колькасць нараджэнняў, не факт, што павялічым колькасць шлюбаў, якія будуць звязаныя з гэтымі нараджэннямі. І ці будзе гэта добра? Хто будзе клапаціцца пра гэтых дзяцей?

- Летась 77 жанчын нарадзілі ва ўзросце ад 45 да 49. Прычым дзесяць з іх - першынцаў. Гэта сведчыць пра змены ў свядомасці, або пра давер да медыцыны?

- Па-першае, медыцына цяпер на іншым узроўні, часам здаецца, што апека цяжарных можа нават і празмерная. Па-другое, змяняецца менталітэт - ужо не так страшна. Па-трэцяе, жанчыны, якія, магчыма, наогул не хацелі нараджаць, вырашылі, што ўсе этапы жыцця пройдзеныя (вучоба, кар'ера і г.д.) і вырашылі паспрабаваць. Тым больш цяпер ёсць рэпрадуктыўная медыцына. Таму калі 50 гадоў таму жанчына пра цяжарнасць у такім узросце не магла нават падумаць, цяпер можа сабе гэта дазволіць. На такіх жанчын ёсць надзея. Але, натуральна, масавы прыток народжаных мы не атрымаем. Іншая справа, калі ў 30-35 пачнуць нараджаць першае, а ў сорак гэта будуць другія і трэція дзеці.

- У 2016 годзе ўпала нараджальнасць першага і другога дзяцей, а павялічылася трэцяга, чацвёртага і пятага. Гэта ўплыў дзяржаўных праграм у падтрымцы шматдзетных сем'яў?

- Да таго ж скараціўся інтэрвал паміж нараджэннем другога і трэцяга дзіцяці, што сапраўды прастымулявалі дзяржаўныя праграмы. Але мы гаворым пра 2015-2016 гады, а ў 2015 годзе была вельмі добрая сацыяльна-эканамічная сітуацыя. Пакуль складана прагназаваць, што будзе сёлета. Падтрымка дзяржавы вялікая, здаецца, у плане сацыяльнай дапамогі нешта лепшае прыдумаць складана. Тут важна не пераступіць грань, калі мы павялічым падтрымку, і нараджэнне дзіцяці будзе асацыявацца з дадатковым заробкам.

Жанчынам нядрэнна было б увесці гнуткую занятасць: яны нараджаюць, але ведаюць, што праз паўтара года можна спакойна сумяшчаць адпачынак па доглядзе за дзіцем і працу. Для гэтага нам патрэбныя яслі, чаго пакуль катастрафічна не хочуць рабіць. А з'яўленне ясляў, магчыма, таксама б паспрыяла нараджальнасці, бо мамы сталі б больш актыўнымі, і павелічэнне дапамогі на дзіця не ўсіх задавальняе - ім больш выгадна і прасцей выйсці на працу. Павелічэнне дапамогі на 10 рублёў - не стымул.

Калі мы проста павялічым дапамогу, атрымаем нейкі прырост народжаных. Але гэта, хутчэй, адаб'ецца на сельскай мясцовасці і той частцы насельніцтва, для якой 200-300 рублёў дапамогі гэта вялікія грошы. Стымуляваць трэба і тых, хто зарабляе больш за сярэдні заробак.

- Чаму ў Беларусі падае колькасць тых, хто вырашаецца нарадзіць першае дзіцяці? У 2016 годзе нарадзілася на 2394 менш першых дзяцей!

- Натуральна, што каб нарадзілася другое і трэцяе, трэба нарадзіць першае дзіцё. З аднаго боку, у нас мала жанчын, і яны пачалі пазней нараджаць. З іншага боку, меры дэмаграфічнай палітыкі ў Беларусі, як ні дзіўна, нацэлены на наступных дзяцей. Калі вырашыць пытанне з першымі дзецьмі, то можна вырашыць і саму дэмаграфічную праблему! Трэба стымуляваць нараджэнне першага дзіцяці. А што ў нас для гэтага робіцца? Нічога! Так, у нас ёсць мацярынскі капітал для трэцяга дзіцяці, так, у нас ёсць ільготы для шматдзетных сем'яў. А для таго, каб жанчына нарадзіла першае дзіця - ніякіх крокаў.

- Колькасць жанчын, якія нараджаюць па-за шлюбам, скарачаецца, як і колькасць шлюбаў. А нараджальнасць расце. Як такое можа быць?

- Так склалася статыстыка, але гаворка ідзе пра розныя узроставыя групы. Таму што трэба глядзець - першы гэта ці паўторны шлюб, хто гэтыя людзі. Напрыклад, узрост узяцця першага шлюбу практычна не змяняецца апошнія некалькі гадоў - гэта 27 гадоў. А ўзрост, у якім уступаюць у паўторны шлюб вырас на год: жанчыны - у 38 гадоў, мужчыны - у 41. Зноў жа, колькасць тых, хто ўпершыню ўзяў шлюб - 75%. Гэта добра. Мы не можам сказаць, што сямейная традыцыя беларусаў неяк парушылася. Іншая справа, што пачала павялічвацца колькасць разводаў сярод тых, хто жыве ў шлюбе ад двух да чатырох гадоў. Наступны перыяд, у які павялічваецца колькасць разводаў праз 10-14 гадоў шлюбу. У абодвух выпадках зноў ідзе паўторны шлюб і дзіця ў ім.

- Ці пагаршаюць аборты цяперашнюю дэмаграфічную сітуацыю ў краіне?

- Я катэгарычна супраць забароны абортаў, бо гэта ўсё роўна будуць рабіць. Але ў жудасных умовах, што прывядзе да мацярынскай смяротнасці і невядома якіх наступстваў для нараджальнасці. На дэмаграфічную сітуацыю аборты не ўплываюць. Паводле апытанняў, моладзь зараз ставіць на першае месца сям'ю. Гэта значыць, ёсць надзея на тое, што калі для моладзі сям'я будзе каштоўнасцю, гэта адаб'ецца на нараджальнасці.

- Самая высокая нараджальнасць на тысячу чалавек ужо каторы год фіксуецца ў Брагіне...

- Я не магу сказаць, чаму менавіта там. Ёсць рэгіёны, дзе адчуваецца ўплыў той ці іншай рэлігійнай канфесіі. Людзі свядома нараджаюць па пяцёра дзяцей. Магчыма, мае ролю узроставая структура жанчын, магчыма, наяўнасць працы - напрыклад, тут знайшлі працу і пераехалі з іншых рэгіёнаў. Але нейкай асаблівай палітыкі, накіраванай на нараджальнасць, у Брагіне не вядзецца.

- А, напрыклад, у Дамачава Берасцейскай вобласці ў 2016 годзе найбольшая смяротнасць.

- На смяротнасць могуць уплываць як унутраныя прычыны, звязаныя, да прыкладу, з траўмамі на прадпрыемствах, так і знешнія - адсутнасць працоўных месцаў. Віцебскі рэгіён пастаянна лідзіруе па смяротнасці ў цэлым. Там і з працоўнымі месцамі праблема, і развітае п'янства. Здавалася, у іх прыродныя ўмовы лепшыя, чым у іншых рэгіёнах, і шчыльнасць насельніцтва большая, але пры гэтым смяротнасць высокая.

- Пры гэтым мужчынская смяротнасць у 2016-м - самая нізкая за апошнія пяць гадоў.

- Мужчыны працаздольнага ўзросту, мужчыны з сельскай мясцовасці цяпер - мэтавая група, на якую робіцца акцэнт дзяржавы ў плане прафілактыкі і медыцынскіх аглядаў. Я спадзяюся, што будзе эфект і ад прасоўвання здаровага ладу жыцця. З іншага боку, па статыстыцы здаровы лад жыцця вядуць усяго 8,5% жанчын і 7% мужчын. Гэта, вядома, вельмі мала.

- Якіх тэндэнцый у дэмаграфічнай сітуацыі Беларусі варта чакаць у найбліжэйшай будучыні?

- У нас робяцца захады для таго, каб смяротнасць была ніжэйшай, чым нараджальнасць. Хоць гэтага складана дамагчыся, таму што, калі павялічваецца колькасць насельніцтва старэйшага за працаздольны ўзрост, гэта натуральным чынам павялічвае і смяротнасць. Калі памяншаецца колькасць жанчын актыўнага дзетароднага ўзросту, таксама скарачаецца нараджальнасць. Мы цяпер прыходзім менавіта да гэтага перыяду. Калі захаваем цяперашнія ўзроўні нараджальнасці і смяротнасці, гэта будзе ўжо добра. Гэта не значыць, што сітуацыя пагоршылася, яна стабільная. Але па маіх здагадках, у 2017 годзе паказчыкі пагоршацца: смяротнасць павялічыцца, нараджальнасць скароціцца. Не таму, што нешта не спрацавала ў дэмаграфічнай палітыцы ці былі праблемы ў эканоміцы, а менавіта праз структуру насельніцтва. Мы павінны цяпер укладвацца ў нараджэнне дзяцей, каб праз 20-30 гадоў не атрымалася так, што не будзе каму працаваць. Таму што ўсё роўна будзе павялічвацца працягласць жыцця.

Пра што яшчэ мы даведаліся з дэмаграфічнага штогодніка?

У краіне вырасла дзіцячая смяротнасць. Прычым, дзіцячая смяротнасць вырасла ў Менску.

У цэлым, смяротнасць упала. Пры гэтым вырасла смяротнасць ад злаякасных наватвораў (на 227 выпадкаў).

Больш смерцяў ад выпадковых атручванняў алкаголем.

Адразу на 19% вырасла колькасць суіцыдаў.

Апошнія навіны