Расею накрыюць пратэсты «дармаедаў»?
- 6.09.2017, 19:44
Урад РФ рыхтуе падатак на «дармаедства».
Падатак на «дармаедства», увядзенне якога рыхтуе ўрад РФ, павінен улічваць усе магчымыя даходы людзей, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце, але якія не маюць афіцыйнай працы.
Пра гэта, як паведамляе РІА Новости, заявіў у сераду міністр працы РФ Максім Тапілін.
З ягоных слоў, пры абкладанні падаткам самазанятасці грамадзян улады маюць намер улічваць маёмасць, якая знаходзіцца ў іх уласнасці.
У Дзярждуме РФ ідзе праца над законапраектам аб персаніфікаваным уліку насельніцтва, распавёў Тапілін: яе вынікам стане стварэнне дэ-факта рэестра дармаедаў - людзей, якія карыстаюцца ўсімі відамі дапамогі ад дзяржавы, у тым ліку бясплатную медыцыну, але пры гэтым не ўносяць плацяжоў у пенсійную сістэму і сістэму АМС.
«(Працэс) цяжка ідзе, таму што тэма спецыфічная, трэба сабраць звесткі з многіх крыніц, у тым ліку падатковай службы, звесткі аб усіх даходах з тым, каб суб'екты РФ маглі вызначаць звесткі падатковай службы і службы, якая вядзе ўлік маёмасці, зямлі і тд», - распавёў Тапілін.
З ягоных слоў, у рэестры могуць аказацца 15 мільёнаў чалавек. Гэта звесткі пенсійнага фонду, удакладніў міністр: людзі «знаходзяцца ў працаздольным узросце, але (мы) не бачым паступлення страхавых выплат».
Сума падатку можа скласці 25 тысяч рублёў з чалавека ў год, распавядаў Тапілін у інтэрв'ю «Рассийской газете» у лютым: 10 тысяч- у сістэму медыцынскага страхавання і 15 тысяч «для фармавання пенсійных правоў».
Расейскі законапраект пра падатак на «дармаедства» будзе пабудаваны з улікам досведу аналагічнага збору, які дзейнічае ў Беларусі, растлумачылі ў прэс-службе Мінпрацы.
Там, нагадаем, з вясны 2015 года беспрацоўныя грамадзяне абавязаны плаціць у казну 20 мінімальных заробкаў у год (блізу 200 даляраў) «у мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку ва ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў».