BE RU EN

13 км да школы: як вясковыя вучні дабіраюцца на заняткі

У беларускіх вёсках масава зачыняюць школы.

«Устаю а 7:20, дабрацца да прыпынку 15 хвілін, потым яшчэ паўгадзіны на аўтобусе, каб даехаць да школы», - апісвае euroradio.by свой шлях дзевяцікласнік Раман.

Год таму ён вучыўся ў родных Урбанах, гэта за 13 кіламетраў ад Браслава. Але школу пераўтварылі ў дзіцячы сад, таму што «мала вучняў» - толькі 20 чалавек. Яшчэ праз год школу могуць закрыць зусім. Разам з Раманам дабіраемся да Браслава.

Дарога да школы

«Дзеці, паглядзіце, усе селі, хто павінен быў тут зайсці?», - перапытвае бібліятэкарка, яна суправаджае школьнікаў з дзясятка вёсак у школу ў Браслаў. Ва Урбанах, вёсцы на мяжы з Латвіяй, школьны аўтобус спыняецца а 7:45. Заходзяць два вучні.

Аўтобус збірае дзяцей па вёсках амаль дзве гадзіны. Ва Урбанах у салоне ўжо грэюцца больш за 20 школьнікаў, ад 5-га да 11-га класаў. Больш за 30 чалавек у такі транспарт проста не сядзе.

«У старой школе нас у класе было трое, а цяпер 24 чалавекі. З настаўнікамі пакуль яшчэ не раззнаёміліся. Са старых настаўнікаў у гэтай новай школе ніхто не працуе», - распавядае дзевяцікласніца Дар'я.

Спазніцца нельга, бо з транспартам тут праблемы: рэйсавы аўтобус ходзіць тры разы на тыдзень.

Ад Урбаноў да Браслава ў аўтобуса яшчэ пяць прыпынкаў. Ён рухаецца па асфальтавай шашы, некаторым школьнікам з аддаленых дамоў даводзіцца па кіламетру праходзіць пешшу, каб патрапіць у аўтобус. Такім чынам у свае класы ў Беларусі дабіраюцца 70 тысяч школьнікаў.

У Браславе каля новай для сельскіх вучняў школы аўтобус спыняецца а 08:15. Да пачатку заняткаў у школьнікаў яшчэ 45 хвілін. Але прывезці пазней не могуць: школьны аўтобус едзе на яшчэ адно кола за новай партыяй вучняў з іншых вёсак. На гэты час у навучэнцаў або класная гадзіна, або інфармацыйны час. Урокі, паводле распараджэння кіраўніка дзяржавы, пачынаюцца а 9:00.

З заняткаў таксама забіраюць у адзін і той жа час, а 16:30. Калі заняткі ў каго-небудзь з вучняў сканчаюцца раней, яны праводзяць час прама ў школе, або на факультатывах.

А паводле Міністэрства адукацыі, увесь рух школьных аўтобусаў прывязаны да заняткаў. Пра што падчас прэс-канферэнцыі паведамляе Ірына Коржава, намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі.

«Школьныя аўтобусы арганізуюць свой рух у звязку з пачаткам заняткаў». Як бачым, у Браслаўскім раёне, каб усіх прывезці ў адзін час, аўтобусаў не стае.

Асноўны будынак Урбанскай школы цяпер пустуе. Днём школа зачынена, унутры нікога няма. Вакол растуць яблыні, невялікі агарод з капустай, кветкі. На агародзе і ў садзе школы працавалі вучні з настаўнікамі, частка ўраджаю з агарода пасля ішла на абеды ў сталовую.

Іншы будынак школы цяпер выкарыстоўваецца пад дзіцячы сад. Тут утульна, на падлозе новы ламінат, у класах на настаўніцкіх сталах кампутары. У зале фізкультуры нават новыя трэнажоры.

Зараз гэты сад наведваюць 15 дзяцей з розных вёсак. Гэты будынак Урбанскай школе падарылі на яе стагоддзе. Настаўнік з вучнямі самі сачылі за яго станам і навакольнай тэрыторыяй. Апошні год у Урбанскай школе працавалі 14 настаўнікаў. У Браслаў на працу з іх уладкаваліся толькі двое, некалькі чалавек засталіся на год працаваць у садзе. Іншыя - хто сышоў на пенсію, хто змяніў прафесію. Аднаго маладога спецыяліста, які тут працаваў, пераразмеркавалі і ў суседнюю вёску.

«З дзесяці апошніх выпускнікоў Урбанскай школы амаль усе паступілі ва ўніверсітэты на бюджэт. Дзеці вучыліся з настаўнікамі, як з рэпетытарамі, да кожнага быў падыход. А летась мая дачка заканчвала ўжо Браслаўскую школу, там з класа амаль ніхто не паступіў у ВНУ, пару чалавек», - расказвае Алена, яе сын зараз вучыцца ў Браславе.

Навучанне ў закрытай школе цалкам вялося па-беларуску. Цяпер вучняў перавялі ў школу з рускай мовай навучання.

«Пакуль школа была тут, у іх быў бясплатны прадоўжаны дзень, яны там рабілі ўрокі, за імі глядзелі настаўніка. А ў Браславе хіба будуць за імі глядзець пасля заняткаў?» - перажывае Наталля, яе дачка ідзе ў 9-ы клас браслаўскай школы.

«Каб школа была, трэба 50 вучняў»

Перад навучальным годам у Браслаўскім раёне цалкам закрылі дзве школы. Яшчэ некалькі школ «рэарганізавалі», гэта значыць проста перарабілі школы ў сады або ў пачатковыя школы.

«Мы ж глядзім, як падвоз арганізаваць, як настаўнікаў уладкаваць. Калі менш за 50 чалавек у школе, гэта ўжо праблема», - кажуць у аддзеле адукацыі Браслаўскага райвыканкама.

А ў Мінадукацыі, кажуць, што нейкай канкрэтнай колькасці навучэнцаў, пры якой школу закрываюць... не існуе.

За апошнія 6 гадоў колькасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (гэта пераважна школы) скарацілася на 499, падлічвае Белстат. Толькі за год іх стала менш на 75 адзінак (з 2015 да 2016 года). Пры гэтым колькасць навучэнцаў наадварот вырасла. Гэта значыць, што зачыніліся як раз малакамплектныя сельскія школы.

Апошнія навіны