Шорцу не даюць спакою бабулі на міні-рынках
- 6.09.2017, 19:22
Чыноўнік даручыў развязаць у Менску «праблему» стыхійных рынкаў.
У Менску зробяць больш жорсткай адказнасць фізічных асоб за несанкцыянаваны гандаль. Такую прапанову менскія ўлады накіравалі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Пра гэта заявіў старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац, паведамляе minsknews.by.
З ягоных слоў, на сённяшні дзень заканадаўства не дазваляе санітарна-эпідэміялагічнай службе нейкім чынам прыцягнуць да адказнасці грамадзян за гандаль прадукцыяй сумнеўнай якасці. «Напрыклад, у выпадку, калі грамадзянін гандлюе салам на вуліцы ў 30-градусную спякоту», - сказаў Шорац.
Старшыня Менгарвыканкама мяркуе, што змены ў заканадаўстве дазволяць не толькі аддзелам гандлю і паслуг раённых адміністрацый, міліцыі, але і санслужбе ўжываць да нелегальных гандляроў «больш эфектыўныя захады ўздзеяння».
Шорац кажа, што для таго, каб грамадзянін мог прадаць прадукцыю са свайго прысядзібнага ўчастка, у сталіцы ствараюцца гандлёвыя рады, на буйных рынках для гэтага ёсць месцы. Аднак многія працягваюць займацца продажам у іншых месцах, адзначыў кіраўнік Менска.