BE RU EN

Фотафакт: Пад Дуброўнам нарвежскае судна села на мель на Дняпры

Сапраўдныя прыгоды перажыла каманда нарвежскай маторнай яхты Sirius у Віцебскай вобласці.

Нарвежская маторная яхта Sirius па шляху ў Стамбул села на мель на Дняпры ў дзесяці метрах ад берага. Здарэнне адбылося 5 верасня пад горадам Дуброўнам у Віцебскай вобласці яшчэ ўдзень, прыкладна а палове трэцяй. Да вечара трое чальцоў каманды спрабавалі справіцца з бядой самі, але калі зразумелі, што гэта немагчыма, звярнуліся ў МНС. Там вызначылі здымаць яхту з мелі з самай раніцы 6 верасня. За выратавальнай аперацыяй паназіраў tut.by.

Судна сяло на мель побач з вёскай Бурай. Тут жыве чалавек 40, у асноўным людзі сталага веку. Для мясцовых жыхароў выратавальная аперацыя на Дняпры - цэлая падзея!

- Ой, я сёння гляджу з раніцы - да нас едуць адна за адной машыны: МНС, вадалазы, прэса... Ну, думаю, ці хтосьці кагосьці забіў, ці сам па сабе хтосьці памёр. Тэлефаную ў сельсавет: што адбылося? Мне кажуць: так там швэды ў вас на рацэ затрымаліся, - распавядае сяльчанка, якая паказвае нам дарогу да берага з яхтай.

- Не швэды, а нарвежцы.

- Можа, і так. Але ўсё адно, замежнікі ж, - смяецца жанчына.

Пад'язджаем да берага. Тут ужо стаяць супрацоўнікі МНС, Дзяржаўнай інспекцыі маламерных суднаў, вадалазна-выратавальнай службы, а таксама мясцовыя разявакі. Наша правадніца ўсклікае:

- А, ну дык не дзіўна, што яны затрымаліся. Тут як раз камяні. Гэта месца мы паміж сабой называем «хуткая плынь». Побач астравок, а за ім плынь хутка-хутка круціць ваду.

На дзесяціметровай яхце трое мужчын. Паводзяць сябе, як тыя вікінгі, - стрымана. Але прыкметна, што сітуацыя іх няшмат забаўляе. Адзін са скандынаваў валодае расейскай мовай, ён дапамагае наладзіць кантакт паміж сваімі сябрамі і беларускімі ратавальнікамі.

Высветлілася, што ўсе трое - жыхары нарвежскай сталіцы Осла і заўзятыя вандроўцы.

ЗЛЕВА НАПРАВА: КАПІТАН ОЙСТЭЙН БАХ, ПЕРАКЛАДЧЫК ТОР МЕНТЦІЯРВІ, МАТРОСЫ РУН МАРКУС ГОКШТЭД

- 17 жніўня каманда выйшла ў плаванне з фінляндскага Хельсінкі. Плылі па Фінскаму заліву. Маршрут прадоўжылі праз Санкт-Пецярбург - па Няве. Затым патрапілі ў Наваладажскі канал, па рацэ Волхаў дабраліся да Вялікага Ноўгарада. Пазней перамясцілі судна на лафет і 1 верасня прыехалі ў Смаленск. Адтуль ужо трымалі шлях па Дняпры. 5 верасня, блізу 11.30, перайшлі расейска-беларускую мяжу. І прыкладна а 15.30 адбылося надзвычайнае здарэнне каля вёскі Бурай, - распавёў аб маршруце нарвежцаў дзяржаўны інспектар Аршанскага ўчастка Дзяржаўнай інспекцыі маламерных суднаў (ДІМС) Сяргей Стасюкевіч.

Фінішаваць нарвежцы - 57-гадовы капітан Ойстэйн Бах, 59-гадовы матрос Рун Маркус Гакштэд і 48-гадовы радыст і перакладчык Тор Менціярві - плануюць у турэцкім Стамбуле. Калі абмінуць тэрыторыю Беларусі, іх чакае яшчэ падарожжа па Чорным моры ва Украіне.

Двое з чальцоў каманды - Ойстэйн Бах і Рун Маркус Гакштэд - журналісты, супрацоўнікі Нарвежскай радыёвяшчальнай карпарацыі. Трэці, перакладчык Тор Менціярвіи, адзін час жыў у Менску. Па шляху каманда здымае фільм пра краіны, праз якія праплываюць, і іх жыхароў. У ім, мяркуючы з ўсяго, будуць і кадры аб прыгодзе пад Дуброўнам.

- Мы шмат падарожнічалі: па Баранцаваму, Балтыйскаму, Беламу морах і гэтак далей. Нам цікава даведацца, як жывуць людзі ў іншых краінах. Але такіх здарэнняў, як гэта, яшчэ ні разу не здаралася, - распавёў журналістам Тор Менціярві, калі ненадоўга падплыў на чоўне да берага. - Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто нам сёння дапамагае.

Учора ўвечары беларускі бок прапанаваў гасцям начлег у гатэлі, ежу, цёплую вопратку. Але яны ад усяго гэтага адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ёсць усё неабходнае. Так, са слоў падарожнікаў, прадуктаў на яхце хопіць яшчэ на цэлы месяц.

Пра тое, што адбылося з суднам нарвежскіх «марскіх ваўкоў», распавёў начальнік Аршанскай вадалазна-выратавальнай станцыі Аляксандр Саўчанка:

- Нарвежцы плывуць на маламерным судне магутнасцю 118 конскіх сіл. Маторная яхта важыць 6 тон. Глыбіня яе ападкаў у ваду - блізу метра. А глыбіня Дняпра ў гэтым месцы - менш за метр. Таму судна і села на мель. Тут і пясок, і камяні. Яны проста не справіліся з плынню, і яхту знесла да берага. Хоць у чальцоў каманды ёсць рэхалот і іншае абсталяванне, а таксама майстэрства, але ўсё ж фарватару яны не ведаюць. Ля Дуброўна Днепр непрадказальны, вельмі шмат перакатаў і гэтак далей. Агулам, гэта ніякая не сенсацыя, а самы звычайны інцыдэнт з маламерных суднам на рацэ.

У Днепр ныралі вадалазы - вывучалі сітуацыю, глядзелі, за што зачапілася судна. Потым прадстаўнікі МНС і іншых службаў прыйшлі да высновы, што Sirius ссуне з мёртвага пункта човен - з дапамогай вяроўкі. А 14.10 яхту знялі з мелі.

Далейшы шлях нарвежскай каманды па тэрыторыі Беларусі, як паведаміў Аляксандр Саўчанка, будуць кантраляваць супрацоўнікі МНС і іншых зацікаўленых службаў. На ўсялякі выпадак. Чальцы каманды хоць і мужныя «вікінгі», але і Днепр таксама з характарам.

Апошнія навіны