Улады ўзяліся за начныя клубы Менска
- 6.09.2017, 18:30
У сталіцы затрыманы кіраўнік Madison Club.
Управа Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Менску і Менскай вобласці затрымала кіраўнікоў Madison Club. Распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 - ухіленне ад выплаты падаткаў. Да кіраўніка Madison Club Аляксея Плескачэўскага не пускаюць адваката.
У суботу раніцай супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў MadisonClub і іншых фірмах, якія звязваюць з імем Юрыя Авяр'янава. Сам бізнэсовец знаходзіцца за мяжой, піша belprauda.org.
Кіраўнікоў шэрагу фірмаў забралі на допыт у ДФР, затым перадалі ў КДБ. Кіраўнік Madison Club Аляксей Плескачэўскі з нядзелі знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
Плескачэўскі кіруе Madison Club з 2016 года; крымінальная справа распачатая паводле фактаў нявыплаты падаткаў з 2014 года.
Да затрыманага не пускаюць адваката: ні 5 верасня, ні 6 верасня, - хоць следчыя дзеянні з ім праводзяцца.
Да ўсіх затрыманых дапускаюць адвакатаў, да Аляксея Плескачэўсага - не. Тым самым супрацоўнікі ДФР парушаюць беларускае заканадаўства, згодна з якім доступ адваката да падазраванага (затрыманага) павінен давацца без усялякіх абмежаванняў.
Крымінальная справа з ДФР перададзеная ў Следчы камітэт, створаная следчая група. Учора адвакат Плескачэўскага ўвесь працоўны дзень чакала следчага (жанчыну, якая займаецца Аляксеем Плескачэўскім), але так і не дачакалася. Следчая ўцякла з працы праз задні ход Следчага камітэта.