BE RU EN

Знішчальнікі NATO суправадзілі расейскія Су-27 у небе над Балтыкай

Знішчальнікі F-16 суправадзілі ў небе над міжнароднымі водамі Балтыйскага мора два расейскія Су-27.

Бельгійскія знішчальнікі F-16 са складу місіі NATO для патрулявання паветранай прасторы ў краінах Балтыі, размешчаныя на эстонскай авіябазе Эмары, суправадзілі ў небе над міжнароднымі водамі Балтыйскага мора два расейскія Су-27, паведаміла ў сераду Камандаванне аб'яднаных ВПС альянсу, піша interfax.by.

Паводле звестак камандавання, інцыдэнт адбыўся 5 верасня ў другой палове дня. Радар NATO зафіксаваў вылет з Калінінградскай вобласці двух знішчальнікаў Су-27 ВКС Расеі, якія накіроўваліся на поўнач у паветраную прастору над міжнароднымі водамі Балтыкі.

«Вайсковыя самалёты не перадавалі свае апазнавальныя сігналы і не падтрымлівалі сувязь з грамадзянскімі цэнтрамі кіравання паветраным рухам, - гаворыцца ў паведамленні, - У рамках стандартных працэдур бельгійскія F-16 былі паднятыя для ідэнтыфікацыі знішчальнікаў Су-27 ВПС Расеі, якія пасля прыстроіліся да расейскага цяжкага транспартнага самалёта Іл-76 ».

Камандаванне NATO адзначыла, што пасля інцыдэнту «ўсе расейскія самалёты вярнуліся ў Калінінград, а бельгійскія F-16 паспяхова прызямліліся на авіябазе Эмары».

Апошнія навіны