Беларускім студэнтам у Смаленску давядзецца мяняць ВНУ
- 6.09.2017, 17:48
У папулярных сярод беларусаў вышэйшых навучальных устаноў праблемы з акрэдытацыяй.
Праз праблемы з акрэдытацыяй не ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы, куды традыцыйна любяць паступаць магілёўцы і віцебчукі, змогуць давучыцца студэнтаў.
Так, закрываецца досыць папулярны ў магілёўцаў былы Смаленскі гуманітарны універсітэт. У траўні 2017 года адзін з найстарэйшых ВНУ горада заявіў аб сваёй рэарганізацыі, што фактычна стала заявай аб спыненні яго існавання, піша «Магілёўскі Рэгіён».
Замест Смаленскага гуманітарнага ўніверсітэта абітурыентам прапанавалі навучацца ў Смаленскам філіяле Расейскага новага ўніверсітэта. Цяпер стала вядома, што і Смаленскі РасНУ абвясціў студэнтам, што ВНУ закрываецца. Прычынай стала не праходжанне акрэдытацыі, і хутка будзе адкліканая ліцэнзія. Магчыма, што студэнтам прапануюць перавесціся навучацца ў Маскву, але пакуль такой прапановы не паступала.
Пры гэтым, на сёння на сайце ўніверсітэта ніяк не пазначаны той факт, што ВНУ не прайшла акрэдытацыю: па-ранейшаму размешчаныя правілы прыёму абітурыентаў у 2017 годзе. Мабыць, інфармаваць пра закрыццё кіраўніцтва ўніверсітэта пакуль не спяшаецца.
Следам за СГУ ад сваіх студэнтаў адмовілася Смаленская сельскагаспадарчая акадэмія. Праз праблемы з акрэдытацыяй ВНУ больш не мае права займацца вучэбнай дзейнасцю паводле эканамічнага профілю. А гэта была самая запатрабаваная спецыяльнасць у акадэміі. Узнікае яшчэ адная праблема: паколькі акадэмія ВНУ дзяржаўная, многія студэнты навучаліся на бюджэтных месцах, а ў Смаленску не так шмат навучальных устаноў, здольных даць ім такую магчымасць. Як мяркуецца студэнты-эканамісты працягнуць навучанне ў СмалГУ, РАНГіДС і філіяле РЭУ.
А яшчэ раней Федэральная служба нагляду ў сферы адукацыі і навукі пасля праведзенай праверкі пазбавіла акрэдытацыі Маскоўскую акадэмію эканомікі і права, якая таксама мела філіял у Смаленску. Цяпер гэтая ВНУ не можа выдаваць дыпломы устаноўленага Мінадукнавукі Расеі ўзору і гарантаваць навучэнцам адтэрміноўку ад службы ва Узброеных сілах. Пры гэтым адзначаецца, што ліцэнзіі ВНУ не пазбаўленыя. У адваротным выпадку навучальная ўстанова павінна была б неадкладна спыніць адукацыйную дзейнасць.