BE RU EN

Stratfor: РФ прадаўжае граць ролю шкодніка

Прыватная выведка ЗША раскрыла задуму Крамля.

Амаль тры гады Кіеў выступае за ўвядзенне міратворчай місіі ААН на Усходзе Украіны, але цяпер такая прапанова зыходзіць з Масквы. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прапанаваў Радзе Бяспекі ААН размясціць міратворцаў на лініі размежавання на Данбасе, што, паводле ягоных слоў, "пайшло б на карысць развязанню праблемы на паўднёвым усходзе Украіны". Масква ўжо накіравала ў ААН праект рэзалюцыі аб размяшчэнні міратворцаў на лініі судакранання. Тым не менш такія дзеянні варта разглядаць, хутчэй, як спробу аслабіць ціск на Расею з боку Захаду - і асабліва Вашынгтона, чым як шчырае жаданне пакласці канец узброенаму канфлікту, гаворыцца ў справаздачы прыватнай амэрыканскай выведвальна-аналітычнай кампаніі Stratfor, якую мае "Апостраф".

Украіна, са свайго боку, перакананая, што Масква больш зацікаўленая ў вынаходніцтве новых вагароў уплыву на Захад, чым ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Тым больш, што прапанова Пуціна значна больш абмежаваная, чым кожная з тых, што ішлі ад Кіева. Прапанова Масквы не прадугледжвае доступу ААН да акупаваных тэрыторый Данбаса або да адцінку расейска-ўкраінскай мяжы, які знаходзіцца пад кантролем сепаратыстаў (баевікоў "ДНР-ЛНР" і расейскіх вайскоўцаў, - "Апостраф"), што абмяжуе магчымасць кантраляваць плынь зброі і асабістага складу. Першая віцэ-спікерка ўкраінскага парламента Ірына Герашчанка заявіла: "Пуцін, у найлепшых традыцыях гібрыднай вайны, спрабуе скрывіць ідэю ўкраінскага кіраўніцтва аб міратворцах на Данбасе, перавярнуць усё з ног на галаву".

Але многія заходнія краіны сур'ёзна паставяцца да прапановы Пуціна, і Міністэрства замежных спраў Украіны ўжо абазначыла ўмовы, што ўсялякія міратворчыя місіі не павінны ўключаць расейскіх вайскоўцаў і мець дазвол ад сепаратыстаў. Ужо цяпер Нямеччына - ключавы пасрэднік у мірных перамовах, які заклікае Расею і Украіну прыкладаць больш намаганняў для развязання канфлікту - ухваліла план, прапанаваны Пуціным. Міністр замежных спраў Нямеччыны Зігмар Габрыэль заявіў, што, прапаноўваючы распачаць міратворчую місію, Расея змяніла сваю палітыку ў дачыненні да Украіны. Ён пайшоў далей, заявіўшы, што "калі ўсё будзе добра з блакітнымі каскамі, гэта стане першым крокам для зняцця санкцый супраць Расеі".

Аднак, Расея будзе больш пільна сачыць за рэакцыяй ЗША. Нягледзячы на рыторыку Дональда Трампа аб наладжванні больш шчыльных сувязяў з Расеяй, Вашынгтон захаваў больш ваяўнічую пазіцыю ў дачыненні да Масквы, чым Еўропа, асабліва ў пытанні канфлікту ва Украіне. Вашынгтон працягвае заклікаць Маскву выконваць Менскія пагадненні і захоўвае падтрымку Кіева ў пытаннях палітыкі і бяспекі. Нядаўняе прыняцце ініцыяванага Кангрэсам пакета санкцый супраць Масквы паказала інстытуцыянальныя абмежаванні, з якімі сутыкаецца прэзідэнт ЗША, калі справа тычыцца Расеі.

Незалежна ад жаданняў Трампа, ЗША і Расея ўсё больш сварацца. За апошнія некалькі месяцаў Масква і Вашынгтон займаліся серыяй узаемных захадаў, такіх як высылка дыпламатаў і закрыццё дыпламатычных аб’ектаў, а Расея папярэджвала, што будзе рэагаваць "асіметрычным" захадамі. Між тым, афіцыйныя асобы ЗША адзначылі магчымасць выдаць Украіне смяротную зброю, якая абвастрыла б канфлікт, але магла б таксама служыць стрымлівальным чыннікам для Расеі. Аднак, кажучы пра смяротную зброю для Украіны, Пуцін заявіў, што гэты крок можа прывесці не толькі да вялікіх ахвяр, але і да таго, што так званыя "ДНР/ЛНР" накіруюць зброю ў "іншыя зоны канфлікту, якія адчувальныя для тых, хто стварае праблемы для іх".

У гэтым кантэксце прапанову Пуціна аб міратворцах можна разглядаць як спробу пераканаць ЗША і Захад у тым, што Расея імкнецца да абмежавання гвалту ў канфлікце ва Украіне. Хоць РФ і далей адыгрывае ролю шкодніка для Амерыкі ў праблемах Паўночнай Карэі і Сірыі, Масква хоча давесці сваю здольнасць прымаць узважаныя і канструктыўныя пастановы. Гэты вобраз можа прымусіць некаторых заходніх прыхільнікаў Украіны, такіх як Нямеччына, з большай імавернасцю прыняць намаганні Крамля. І, пазначыўшы сваё імкненне да дээскалацыі на Усходзе Украіны, Расея можа атрымаць перадых у перамовах з ЗША.

З набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў у Расеі, якія павінны адбыцца ў сакавіку 2018 года, Пуцін наўрад ці пойдзе на якія-небудзь буйныя саступкі, якія могуць чыніць шкоду ягонай папулярнасці сярод расейцаў. І абмежаваная прапанова Расеі аб міратворцах кажа пра тое, што ў найбліжэйшай будучыні наўрад ці адбудуцца стратэгічныя змены ў канфлікце ва Украіне. Але больш за ўсё прапанова Пуціна накіравана на тое, каб раскалоць адзіную пазіцыю заходніх краін аб Расеі і даць Маскве больш магчымасцяў для манеўру ва ўзаемадачыненнях з іншымі краінамі. На будучай сесіі Генеральнай асамблеі ААН ключавым стане разуменне, наколькі паспяховымі будуць такія спробы і наколькі Расея зможа пазбавіцца ад ціску Захаду.

Апошнія навіны