BE RU EN

Малдова насуперак Дадону будзе браць удзел у вучэннях NATO

Урад у Кішынёве ўхваліў удзел малдоўскіх жаўнераў у шматнацыянальных манеўрах на Украіне.

Урад Малдовы праігнараваў забарону прэзідэнта краіны Ігара Дадона на ўдзел малдоўскіх вайскоўцаў у вайсковых вучэннях за мяжой. Кабінет міністраў у Кішынёве ў сераду, 6 верасня, ухваліў адпраўку малдоўскіх жаўнераў на шматнацыянальныя манеўры Rapid Trident-2017, якія пройдуць 7 - 23 верасня на палігоне Явар у Львоўскай вобласці Украіны, піша «Нямецкая хваля».

Прэм'ер-міністр Малдовы Павел Філіп адзначыў, што Дадон ужо шостым разам зрывае ўдзел малдоўскіх вайскоўцаў у вучэннях за мяжой, і ён не разумее аргументаў прэзідэнта. "Няма логікі ў такіх пастановах. Малдова з'яўляецца і застаецца нейтральнай, але гэта не азначае, што не трэба ўдзельнічаць у міратворчых аперацыях, падвышаць кваліфікацыю вайскоўцаў. Ніхто не хоча мець непадрыхтаванае і слабае войска", - растлумачыў Філіп.

Прэм'ер таксама нагадаў пра тое, што 80 адсоткаў бюджэту на падрыхтоўку малдоўскага войска выдаецца замежнымі партнёрамі для развіцця, і ўсе выдаткі для ўдзелу ў манеўрах на Украіне выплачваюцца за кошт арганізатараў. Паводле пастановы ўрада ў Кішынёве ў вучэннях Rapid Trident-2017 возьмуць удзел 57 малдоўскіх вайскоўцаў.

Напярэдадні прэзідэнт Дадон забараніў удзел малдоўскіх жаўнераў у вучэннях ва Украіне. Ён аргументаваў гэта тым, што ўдзел войска ў такіх мерапрыемствах павінен быць узгоднены з гетманам, а гэтага зроблена не было.

Апошнія навіны