Рыхтуецца беларускі варыянт «сухога закона»
- 6.09.2017, 16:07
У Беларусі плануецца забараніць продаж алкаголю пасля 23.00 у крамах і на АЗС.
Пра гэта сёння журналістам паведаміў начальнік управы прафілактыкі МУС Алег Каразей, піша БелТА.
У МУС мяркуюць, што ў краіне трэба ўвесці жорсткія захады ў сферы абарачэння алкаголю. Гаворка, найперш, ідзе пра абмежаванне часу продажу алкаголю ў раздробным гандлі.
«У ідэале можна казаць пра дзесяць гадзін вечара. Але пасля абмеркавання з зацікаўленымі ўстановамі, з МАРТ, прыйшлі да высновы, каб па першым часе хаця б пасля 23.00 перастаць прадаваць алкаголь у раздробным гандлі», - сказаў Алег Каразей.
Паводле ягоных слоў, правільна было б гэта зрабіць не толькі ў крамах, але і на аўтазаправачных станцыях. Тыя, хто не паспеў набыць спіртное ў крамах, нярэдка накіроўваюцца па яго на АЗС, у тым ліку і за стырном.