BE RU EN

У Драздах прадаецца самая дарагая ў Менску кватэра

Стала вядома, як выглядае кватэра з коштам квадрата больш за $5 тысяч.

Стартавы кошт 2-пакаёвай кватэры ў Драздах - 450 тысяч даляраў. Сайт пра нерухомасць realt.by паказаў адную з самых дарагіх кватэр Менска.

Агульная плошча двухпакаёўкі невялікая - 86 квадратных метраў. Дом 2010 года пабудовы таксама не адрозніваецца архітэктурнымі вынаходствамі: вонкава гэта шэры паралелепіпед, піша realt.by, але вышыня столяў у ім - 3 метры.

У доме жыве некалькі сем'яў, дваровая тэрыторыя абгароджаная, устаноўленае відэаназіранне, ёсць кансьерж і падземны паркінг, месца ў якім уваходзіць у кошт прапановы.

Чаму ж так дорага? Уся справа ў інтэр'еры: «Індывідуальны дызайнерскі праект, якасны, дарагі (імянны) рамонт, вытанчаная італійская мэбля, італійская сантэхніка, бесправадная сігналізацыя, кандыцыянеры, падлога з падагрэвам і многае іншае. Ніхто не пражываў, усё абсалютна новае, без карыстання», - напісана ў аб'яве.

Актуальны сярэдні кошт квадратнага метра на другасным рынку жылля ў Менску - 1.143 даляры. А паводле звестак Нацыянальнага кадастравага агенцтва, самае дарагое жытло, прададзенае ў гэтым годзе, абышлося пакупніку $2720 за «квадрат». Пры агульнай плошчы 239 кв м яно каштавала $650 тысяч і знаходзілася ў знакамітым доме «Ля Траецкага» з відам на Свіслач і Верхні горад.

Апошнія навіны