BE RU EN

Павел Севярынец: Перамога пад Воршай - ключавая падзея беларускага Залатога стагоддзя

Беларусы рыхтуюцца да святкавання Дня вайсковай славы.

8 верасня ў Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы - у гэты дзень у 1514 годзе адбылася славутая бітва пад Воршай, у якой 30-тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага перамагло 80-тысячнае войска Масковіі.

Войска ВКЛ атрымала перамогу дзякуючы тактычнаму майстэрству, а сама бітва ўвайшла ў сусветныя падручнікі ваеннай справы. Добрая нагода для нацыянальнага гонару, ці не так? Беларускія ўлады так не думаюць.

Ці жывыя рыцарскія традыцыі літвінаў у памяці беларусаў, як паўплывала перамога пад Воршай на ход беларускай гісторыі - cайт сharter97.org спытаў ва ўраджэнца Воршы, сустаршыні аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца:

- Гэта адная з ключавых падзей Залатога стагоддзя беларускай гісторыі, бо дзякуючы гэтай перамозе Вялікае Княства Літоўскае не дапусціла свайго паглынання Масквой. Мы здабылі права называцца краінай і адтэрмінавалі акупацыю нашай краіны на некалькі стагоддзяў. Гэта нашая гістарычная перамога. У свабоднай Беларусі гэты дзень павінен адзначацца як дзяржаўнае свята. У гэты дзень беларускае войска павінна ўрачыста прымаць прысягу.

- Чаму іншыя народы з павагай ставяцца да такіх дат: грэкі ўспамінаюць 300 спартанцаў, іх подзвіг пад Фермапіламі, сербы ўшаноўваюць герояў бітвы на Косавым полі, калі іх войска сустрэлася з войскам турак-асман. Чаму так мала месца займае гэтая падзея ў выхаванні нашай моладзі?

- Гэтую падзею старанна спрабавалі сцерці з памяці нашага народа: Расейская імперыя, СССР, рэжым Лукашэнкі - усе яны спрабавалі давесці беларусам, што наш галоўны сябар - гэта Крэмль і імперская наменклатура. А Крэмль заўсёды быў галоўным супраціўнікам нашай нацыянальнай дзяржавы. Вось і вынік гэтай палітыкі – народнае бяспамяцтва. У школах гэтая тэма пад забаронай, у вайсковых акадэміях гэтаму не вучаць.

Я родам з Воршы і стараюся адзначаць гэты дзень. Часта езджу на Крапівенскае поле, дзе адбываліся гэтыя падзеі. Мы палім вогнішчы і ўспамінаем слаўныя падзеі нашай гісторыі. Часам там праходзяць бардаўскія фэсты. Калі ж у Менску праходзяць нейкія мерапрыемствы - я заўсёды бяру ў іх удзел.

Апошнія навіны