BE RU EN

У Гародні прыдумалі, як збіраць двайную даніну з грамадзян

Калектыўны «Астап Бэндар» у асобе дзяржаўных тэлеканалаў робіць грошы з паветра.

За адзін і той жа пакет каналаў гарадзенцы Алене давялося заплаціць двум розным фірмам. Жанчына карыстаецца паслугамі кабельнага аператара «Гарадзенскія інфармацыйныя сеткі» больш за дзесяць гадоў. Некалькі месяцаў таму да яе прыйшоў майстар «Гаранта» і сказаў, што трэба ўкласці новую дамову на абслугоўванне і рамонт кабельнага ТВ, а таксама на трансляцыю каналаў з абавязковага агульнадаступнага пакета. Пры гэтым новых каналаў не дадалося.

- Паслуга чыста фармальная і бясплатная, растлумачыў майстар, і я падпісала дамову, - распавяла Алена выданню vgr.by.

А праз тры месяцы жанчыне прыйшло паведамленне, што за сем дзён трэба выплаціць запазычанасць - 5 рублёў 60 капеек, інакш адключаць кабель.

- Сума ў дамове не прапісаная. Згодна з дакументамі, майстар павінен азнаёміць з прэйскурантам, праверыць якасць прыёму тэлевізійных праграм, але гэтага зроблена не было. Шукала кошты на сайце аператара. А калі ў кватэры жыве бабуля і паглядзець у інтэрнэце не ўмее? - здзіўляецца гарадзенка. - Паслугамі «Гаранта» я ніколі не карысталася. Які сэнс плаціць за адно і тое ж двойчы, калі ёсць свой кабельны аператар, якому плачу ўжо шмат гадоў?

Жанчына звярнулася ў офіс «Гаранта». Але перш чым скасаваць дамову, ёй усё адно давялося выплаціць запазычанасць. А вось суседка Алены абаненцкую плату па-ранейшаму ўносіць кожны месяц, не падазраючы, што за адзін і той жа сацпакет каналаў аддае грошы двум аператарам. Такая сітуацыя некалькі гадоў таму была і з радыё: гарадзенцы не карысталіся радыё, але кожны месяц плацілі.

Прадстаўнікі кабельнага аператара «Гарадзенскія інфармацыйныя сеткі» запэўніваюць, што плаціць іншаму аператару не трэба. Некалькі гадоў таму беларускае заканадаўства абавязала ўсіх іх даваць кліентам сацпакет. Яго кошт ужо ўключаны ў дзейную абанплату.

Намесніца дырэктара ў эканоміцы і камерцыйных пытаннях ААТ «ГАТТЦ Гарант» Тамара Булыга распавяла, што арганізацыя абслугоўвае дамавыя размеркавальныя сеткі шматкватэрных дамоў горада, падлучаныя да Адзінай гарадской тэлевізійнай інфармацыйнай сеткі. У функцыі «Гаранта» уваходзіць не толькі трансляцыя праграм агульнадаступнага пакета, але найперш абслугоўванне і рамонт саміх сетак.

Аператар «Гарадзенскія інфармацыйныя сеткі» выкарыстоўвае «Гарантам» тэлевізійныя дамавыя размеркавальныя сеткі для выканання камерцыйных паслуг для трансляцыі тэлепраграм і доступу ў Інтэрнэт.

- Нашай арганізацыяй укладзеныя адпаведныя дамовы з УЖРЭП, ЖБВК (таварыствамі ўласнікаў), мы з'яўляемся адзінай арганізацыяй у горадзе, якая абслугоўвае і рамантуе кабельныя сеткі. Калі абанент скасаваў дамову, то ў выпадку якіх-небудзь паломак або праблем з ТВ-сігналам мы не будзем прымаць заяўку на рамонт і выпраўляць няспраўнасці, - тлумачыць намесніца дырэктара. - Абаненцкая плата (1 рубель 40 капеек за месяц) раней уваходзіла ў рахунак, а пасля новага ўкладання дамовы аплачвалася наўпрост на разліковы рахунак «Гаранта».

Магчыма, чытач не так зразумеў нашага супрацоўніка. Мелася на ўвазе тое, што пераафармленне дамовы выконваецца бясплатна, а кошт паслуг - абаненцкую плату можна было даведацца ў супрацоўніка пры ўкладанні дамовы праз тэлефон 134 або на нашым сайце.

Як дзейнічаць, калі мяркуеце, што вас падманулі

Дырэктар Гарадзенскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» Вадзім Рыжкевіч:

- Трэба звяртацца з прэтэнзіяй да аператара (у гэтым выпадку да «Гаранта») і скасоўваць дамову. Калі грошы не вяртаюць, звяртайцеся ў суд. Што да апавяшчэнняў, то, калі ў дамове нічога не сказана, дасылаць іх могуць цягам двух гадоў - такі тэрмін даўніны. А наогул, трэба больш уважліва чытаць дамовы і глядзець, што падпісваеце.

Якія каналы ўваходзяць у агульнадаступны пакет

Цяпер у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм уваходзіць 9 каналаў (пастанова Саўміна №407 ад 13 траўня 2015 года). Гэта «Беларусь 1», АНТ, СТВ, «Мір», «РТР-Беларусь», «НТВ-Беларусь», «Беларусь 2», «Беларусь 3» і «Беларусь 5». Яны транслюцца ў лічбавым фармаце і знаходзяцца ў адкрытым доступе. Плата за іх сімвалічная - 1,40 рубля за месяц. Можна падключыць дадатковыя каналы. Пакет да 128 каналаў каштуе 3,50-12,75 рубля. Калі ёсць спадарожнікавая талерка, тады плаціць за кабельнае ТВ нікому не трэба і абанплаты няма.

Апошнія навіны