BE RU EN

У Барысаве народныя грошы «зараўнавалі» ў асфальт

Мясцовыя ўлады ўразілі абуральным прыкладам безгаспадарчасці.

«Заасфальтаванае» скрыжаванне вуліц Гагарына - 3 Інтэрнацыянала ў Барысаве днямі не было прынятае камісіяй.

Аб прыкрым прыкладзе безгаспадарчасці распавядае раённая газета «Адзінства»:

«У рэдакцыю патэлефанавалі некалькі чалавек, абураных аўтамабільнымі «коркамі» на цэнтральнай магістралі - вуліцы Гагарына. І хоць «коркі» ў нашым горадзе, на жаль, не рэдкасць, людзей зразумець было можна: напярэдадні новага навучальнага года клопатаў нямала, часу вобмаль, многім даводзілася ездзіць з старога горада ў новы і назад, а тут такая непрыемнасць.

Так хто ж «аўтар затораў»? Як патлумачылі журналісту ў райвыканкаме, паводле плану ніякіх прац на гэтым адцінку праводзіцца не павінна. Акрамя таго, менавіта гэты адрэзак дарожнага палатна знаходзіцца не на раённым, а на рэспубліканскім балансе.

Знайсці вінаватага ў самаўпраўстве на дарозе выявілася не цяжка: адказным за рамонт адрэзка дарогі з'яўляецца начальнік ДЭУ №69 Аляксандр Яўгенавіч Ламака.

З ягоных слоў, рамонт дарогі на вул. Гагарына планавалася выканаць да 15 жніўня, але, як гэта часта бывае, у адведзеныя тэрміны дарожнікі не ўклаліся.

А раз так, праігнараваўшы неабходнасць узгаднення работ з райвыканкамам, Ламака перакрыў цэнтральную гарадскую магістраль і пачаў наганяць упушчанае.

У апраўданне самавольных работ Ламака растлумачыў, што пастанову пра даты рамонту прымала вышэйшая за ДЭУ №69 арганізацыя, якая і не палічыла патрэбным узгадніць працы з Барысаўскім райвыканкамам. Таксама тэхналогія дарожнага рамонту прадугледжвае цёплае надвор'е, таму выбіраліся ўмовы надвор'я, якія супалі з 31 жніўня і 1 верасня. А пра нязручнасці, якія дарожнікі стварылі людзям напярэдадні навучальнага года, у ДЭУ нават не задумаліся, як, зрэшты, і пра якасць сваіх работ. Бо менавіта праз шматлікія дэфекты гэты адцінак дарогі не быў прыняты ў эксплуатацыю камісіяй. І цяпер дарожнікі абавязаныя выправіць выяўленыя недахопы.

Канкрэтных тэрмінаў заканчэння работ на вул. Гагарына Ламака таксама не назваў: пасля выпраўлення дэфектаў дарожнае пакрыццё павінна вылежацца 15 дзён, і толькі пасля заканчэння гэтага тэрміну будзе прынятая пастанова - ці адпавядае выкананы рамонт неабходным параметрам. І, на жаль, праз безадказнасць дарожнікаў, якія не ўмеюць працаваць якасна, барысаўцам яшчэ давядзецца трываць нязручнасці на дарозе і «коркі».

Апошнія навіны