BE RU EN

Румбуціс: У моладзевых каманд прагрэс, у першую чаргу, у псіхалагічным плане

Галоўны трэнер падтрымлівае ў футбалістаў баявы дух.

Галоўны трэнер моладзевай нацыянальнай каманды Беларусі Людас Румбуціс падзяліўся меркаваннем з abff.by пра матч супраць каманды Чэхіі (1:1).

- Другі запар матч прапускаем у стартавыя 10 хвілін.

- Не ўсе гульцы ўмеюць кантраляваць эмоцыі. Яны маладыя, вельмі жадаюць, гараць зрабіць добры вынік. Хоць мы і спрабуем правільна накіраваць іх вар'яцкі настрой, але атрымалася, што зноў прапусцілі непатрэбны хуткі гол. Прычым спаборнік меў і яшчэ два добрыя моманты пасля неабавязковых памылак нашых гульцоў. У матчы з Грэцыяй моманты ля нашай брамы сталі ўзнікаць толькі пасля выдалення, сёння спаборнік, па-добраму, акрамя гола, стварыў толькі адзін момант. Гэта калі браць у разлік гэтыя дзве памылкі. Мы гуляем нармальна ў абароне, хацелася б толькі дадаць у нападзе.

- Падаецца, што левы фланг выпадаў у першым тайме...

- Не, не выпадаў. Мы трошкі змянілі патрабаванні да крайніх паўабаронцаў на тое, каб яны больш агрэсіўна гулялі ў бок брамы: не толькі адкрываліся на краі, але і ныралі абаронцам за спіну. Першыя дваццаць хвілін матчу Анцілеўскі прыстасоўваўся, пасля гэтага нармальна згуляў. Але ў другім тайме было відаць, што яму бракуе сталай гульнявой практыкі і мы яго замянілі.

- Другі тайм атрымаўся больш якасным. На што звярнулі ўвагу гульцоў у перапынку?

- Мы звярнулі ўвагу хлопцаў на тое, што спаборнік стаў не паспяваць за нашымі перасоўваннямі і за нашым кантролем мяча. Нават не тое, што не паспяваць - яны сталі задыхацца. Гэта тое, пра што мы прасілі хлопцаў. Як я пажартаваў - узяць мяч пад кантроль і аддаць яго, калі зойдзеш у самалёт. Чэхі набегаліся. Самі хлопцы зразумелі, што спаборнік да канца матчу павінен стаміцца. Так і атрымалася: і выхад адзін на адзін Грамыкі, і добрыя ўдары Бярозкіна і таго ж Грамыкі, небяспечная перадача Бяссмертнага.

- Тры афіцыйныя матчы згуляныя. Можаце сказаць, што каманда прагрэсуе?

- Каманда прагрэсуе, у першую чаргу, у псіхалагічным плане. На фоне ўсяго гэтага негатыву, які выліваецца на федэрацыю і нацыянальныя каманды, вельмі складана, асабліва маладым хлопцам, не ўпасці ў паніку і не паддацца ціску. Мы ўсімі сіламі стараемся падтрымліваць у іх баявы дух. І нам гэта пакуль атрымоўваецца. Таму пацвярджэнне - сённяшняя гульня.

Апошнія навіны