Баевікі «ЛНР» і «ДНР» правядуць вучэнні сінхронна з «Захадам-2017»
- 6.09.2017, 11:59
Пад кіраўніцтвам РФ на акупаваным Данбасе запланаваныя маштабныя камандна-штабныя манеўры.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» (ІС), нардэп Украіны ад «Народнага фронту» Зміцер Тымчук.
«Пад кіраўніцтвам начальніка штаба - першага намесніка камандуючага 8 войска Паўднёвай ВА ВС РФ генерал-маёра А.Цекава і групы афіцэраў штаба 8 войска ў «1 АК ДНР» і «2 АК ЛНР» ажыццяўляецца падрыхтоўка да правядзення камандна-штабных вучэнняў (КШВ), запланаваных на верасень гэтага года. У сувязі з гэтым на тэрыторыі, кантраляванай «ЛДНР», «вайсковымі камісарыятамі» распачатая праца для ўдакладнення спісаў прыпісаных ваеннаабавязаных і тэхнікі», - напісаў ён.
Пры гэтым Тымчук адзначыў, што характэрнай рысай гэтых камандна-штабных вучэнняў з'яўляецца адзіны аператыўны фон і часовыя інтэрвалы, якія цалкам супадаюць з задумай супольнага стратэгічнага вучэння (ССУ) ВС РФ і Рэспублікі Беларусь, афіцыйна запланаванага ў перыяд з 14 да 20 верасня.
Нагадаем, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі афіцыйна павінны пачацца 14 верасня. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў - больш за 4-ы тысячы. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.
8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».