«На вачах у мяне пайшлі расколіны па ўсім перыметры пакоя»
- 6.09.2017, 10:59
У Берасці проста на вачах бурыцца шматпавярховік на вуліцы Набярэжнай.
Жыхары дома на вуліцы Набярэжнай у Берасці ўжо ў паніцы. Сцены трашчаць па швах. Падмурак увесь час падмывае вадой. Падвалы не прасыхаюць ад затаплення, паведамляе tvr.by.
На мінулым тыдні дом абследавала спецыяльная камісія. Супрацоўнікі МНС, ЖКГ і гарвыканкама ніякіх сур'ёзных парушэнняў не выявілі. Пры гэтым расколін стала яшчэ больш.
Жыхары шматпавярховіка на вуліцы Набярэжнай у здзіўленні, чаму сцены трашчаць па швах, бо пабудавалі дом у канцы 80-х. Цяпер для амаль сотні сем'яў галоўнае пытанне - свая бяспека. Першымі пачулі трэск сцен супрацоўнікі міліцыі. У доме размешчаны пункт аховы правапарадку. Менавіта ўчастковы інспектар Юрый Грышко падчас дзяжурства выклікаў выратавальнікаў на месца.
Юрый Грышко, участковы інспектар грамадскага пункта аховы правапарадку №2 г. Берасця распавёў: «Я зайшоў у бытавое памяшканне і заўважыў, што на вачах у мяне пачалі ўтварацца расколіны па ўсім перыметры пакоя. І пачала адвальвацца тынкоўка».
Як вынік, пакасілася акно, прасела столь, расколіны на сценах будынка як унутры, так і звонку. Але нават такія відавочныя факты не насцярожылі спецыяльную камісію, якая абследавала дом. У яе склад увайшлі спецыялісты МНС, камунальнай службы і гарвыканкама. На рухомыя сцены наляпілі маячкі. І абяцалі тры месяцы назіраць за рухам перакрыццяў.
Андрэй Ільяшук, намеснік начальніка ЖРЭУ г. Берасця сказаў журналістам: «Прынятая пастанова правесці мерапрыемствы для рамонту адмосткі і паназіраць за дынамікай раскрыцця расколін. Я не бачу ў гэтым доме праблемы. Гэта ўсё рамантуецца».
Але жыхары дома ўсё адно панікуюць. Расколін становіцца больш. Руйнуецца цэгла. Людзі ўпэўненыя: асноўная праблема шматпавярховіка ў няякаснай сістэме водаадвядзення. Ад дажджу ўвесь час сырыя сцены, грунт пад падмуркам падмывае.
Яшчэ больш сумная сітуацыя ў падвалах. Святла тут няма, але затое пануюць сырасць і цвіль. Каналізацыю прарывае кожны месяц. Пра гэта сведчыць такі самаробны насціл, па якім людзі перамяшчаюцца, калі падвалы затапляе. Яно і не дзіўна, бо трубы тут не мянялі амаль 30 гадоў.
Людзі не хаваюць эмоцый і вось ужо тры тыдні жывуць у страху. У руках Святланы Бабрыковіч - перапіска з водаканалам і ЖЭСам, на балансе якога знаходзіцца шматпавярховік.
Святлана Бабрыковіч, гаспадыня кватэры №32 д. 8/1 на вул. Набярэжнай г. Берасця распавяла: «У нас таксама сталыя падтапленні. Праветрываем па сіле магчымасцяў адкрыццём склепа. Вокны ў нас забітыя. Выветрыць мы нармальна не можам. І праз тое, што ў нас такая сырасць, прасядае дом».
Таццяна Юдакова, гаспадыня кватэры №81 д. 8/1 на вул. Набярэжнай г. Берасця кажа: «Уначы выклікаюць вось гэтыя аднаўленчыя работы. Стаяць аўтамабілі. Стала. Я ж не думаю, што нашы жыхары такія неахайныя. Але калі сталі разыходзіцца столі і сцены, гэта вельмі страшна. Я не ведаю, чым гэта абернецца».
Начальнік ЖЭСа не адмаўляе: праблема ёсць. Кажа, рамонтныя работы ў падвалах запланаваныя. І ўжо гэтай восенню замест старых чыгунных труб у падвалах усталююць сучасныя. Ва ўсякім разе, так паабяцалі нашай здымачнай групе.
Эдуард Пераходскі, начальнік ЖЭС №2 г. Берасця распавёў: «Справа ў тым, што гэта комплекс работ, які ў тэхнічнае абслугоўванне не ўваходзіць. Неабходна тэхнічны рамонт ажыццяўляць. І ў нас у планах гэта. Мы збіраемся зрабіць замену труб унутрыпадвальных памяшканняў. Гэта будзе сёлета, верасень - кастрычнік».
Агляд дома правёў на нашу просьбу і галоўны экспэрт у галіне абследавання будынкаў і збудаванняў у рэгіёне, прафесар тэхнічнай ВНУ Віктар Тур. Ён сапраўды ўпэўнены, што будынак неабходна дэталёва абследаваць кампетэнтным спецыялістам, вывучыць сістэму камунікацый дома, каб выявіць прычыну дэфармацый.
Віктар Тур, загадчык кафедры Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта мяркуе: «Сістэма расколін, выяўленая ў гэтым доме, сама па сабе павінна насцярожваць, бо гэта расколіны сілавыя, выкліканыя нераўнамернымі асадкамі падмуркаў і апор. Гэтая частка мікрараёна размяшчаецца на досыць складаных грунтавых падмурках. На пэўнай глыбіні тут знаходзіцца плывун».
Жыхары дома не маюць намеру чакаць і рыхтуюць калектыўны зварот у пракуратуру. Бо на коне - пытанне бяспекі сотні сем'яў.