BE RU EN

Уладзімір Някляеў: Заклікаю патрыётаў быць на Плошчы 8 верасня

Змагацца за незалежнасць трэба на Плошчы, а не на канапе.

Пра гэта сайту bnknews.org заявіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў. Палітык адказаў на некалькі пытанняў аб Акцыі папярэджання, якая адбудзецца 8 верасня а 19:00 на Кастрычніцкай плошчы Менска.

- Некаторыя мяркуюць, што супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні не нясуць для Беларусі ніякай пагрозы, небяспекі. Маўляў, прыйдуць расейскія войскі і сыдуць. Вы ж сцвярджаеце, што пагроза ёсць, і заклікаеце пратэставаць супраць прысутнасці расейскіх войскаў на беларускай зямлі. Чаму?

- Прадаўжэнне палітыкі ўцягвання ў вайскова-палітычныя блокі супярэчыць нацыянальным інтарэсам нашай краіны. Гэта перакрывае Беларусі доступ да высокіх тэхналогій, інвестыцый у тэхнічнай, гуманітарнай сферы. Чаму? Ды з той простай прычыны, што гэтыя тэхналогіі можна атрымаць толькі з Захаду. А хто стане інвеставаць у развіццё эканомікі патэнцыяльнага праціўніка?

Не менш важна разумець яшчэ адну простую рэч: ніякія супольныя вайсковыя вучэнні не праводзяцца дзеля саміх вучэнняў. Яны праводзяцца ў мэтах будучых супольных баявых дзеянняў. Дык вось калі Беларусь у гэтыя дзеянні (а такія прапанова з расейскага боку ўжо паступалі) будзе ўцягнутая, калі беларускія хлопцы стануць ваяваць і гінуць за чужыя (што ўжо не раз здаралася ў нашай гісторыі) інтарэсы, тады пратэставаць будзе позна. Таму менавіта цяпер мы і праводзім Акцыю папярэджання 8 верасня, і заклікаем на яе беларускіх патрыётаў.

- Чаго вы чакаеце на Кастрычніцкай плошчы 8 верасня?

- Прагназаваць што-небудзь у паводзінах цяперашняй улады цяжка. Я б нават сказаў - надта. Але і надта небяспечна для ўлады, гэта значыць, для Лукашэнкі, зноў паўстаць перад усім светам з дубінкай у руцэ. Тым больш, што ўвесь свет вельмі насцярожана ставіцца да дзеянняў расейскага кіраўніцтва ў дачыненні да Украіны, наогул да вайсковай падрыхтоўкі Расеі, без чаго не было б такога негатыўнага стаўлення да вучэнняў «Захад-2017».

Дарэчы, разуменне небяспекі ўсё больш глыбокага ўцягвання Беларусі ў вайскова-палітычныя блокі, у супрацьстаянне РФ і NATO ёсць і ў беларускай улады. Фактычна народныя выступы супраць гэтага, у тым ліку і Акцыя папярэджання 8 верасня, таксама і ў яе інтарэсах. Так што на месцы Лукашэнкі я б (няхай не адкрыта) спрыяў антываенным настроі ў грамадстве, а не душыў іх. Можа быць, не даслаў бы на Кастрычніцкую плошчу членаў БРСМ і «Белай Русі», але і не перашкаджаў яе правядзенню.

Мы заўсёды гаворым тое, што ёсць. Мы паспрабавалі, бо ўважаем гэта вельмі важным, дамовіцца з кіраўнікамі іншых апазіцыйных структур аб тым, каб разам правесці акцыю. Людзі ведаюць, куды і навошта ідуць, і чаго гэта ім можа каштаваць. І кожны сам вызначацьме, што яму рабіць - выходзіць на плошчу ці змагацца за незалежнасць радзімы на канапе.

Нагадаем, расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі пачнуцца ў верасні. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў - больш за 4-ы тысячы. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.

У вучэннях будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавым. Таксама паведамляецца, што запланаваныя рэйды на «адрэзку мясцовасці» каля Дрэтуні.

8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».

Апошнія навіны