Трактары ў абмен на пацеркі: Як Беларусь рыхтуецца «скараць» афрыканскі рынак
- 6.09.2017, 10:41
Замест асваення еўрапейскіх рынкаў улады прадаюць трактары ў Афрыку.
Афрыканская тэма апошнім часам стала гучыць падчас прамоў беларускага дыктатара, які ў пачатку года наведаў Егіпет і Судан.
У Менску летам прайшоў першы беларуска-афрыканскі эканамічны форум і было падпісанае крэдытнае пагадненне, адпаведна з якім Афрыканскі экспартна-імпартны банк (Афрэксімбанк) выдзеліў 150 млн даляраў на закупку мясцовымі кампаніямі прадукцыі ў Беларусі.
«Завтра твоей страны» аналізуе статыстычныя звесткі за 1 паўгоддзе 2017 года.
На мінулым тыдні, прымаючы з дакладам куратара афрыканскай тэмы кіраўніка справамі Віктара Шэймана, беларускі дыктатар заклікаў хутчэй выпрацаваць стратэгію экспансіі Беларусі ў Афрыку.
«З Егіптам мы традыцыйна супрацоўнічаем. Судан мы выбралі ў Цэнтральнай, Усходняй Афрыцы - мы на яго будзем абапірацца, каб працаваць у гэтай частцы кантынента. Мы дамаўляліся, што паўднёвы захад, поўдзень Афрыкі вы прапрацуеце і дасце прапановы, на якія краіны нам абаперціся, дзе, магчыма, мы будзем патрэбныя», - заклікаў Аляксандр Лукашэнка шукаць апорныя пункты на кантыненце.
Егіпет, які ўваходзіць у лік чатырох краін кантынента, дзе сёння адкрытыя амбасады Беларусі, называецца «галоўным апорным пунктам у Афрыцы». Звесткі статыстыкі за першае паўгоддзе гэта пацвярджаюць. Пры спыненні паставак некаторых тыпаў прадукцыі і скарачэнні іншых з'явіліся новыя пазіцыі, якія дазваляюць характарызаваць дзелавыя дачыненні з гэтай краінай як стабільныя.
У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў 2,3 разы выраслі пастаўкі паўфабрыкатаў з нелегіраванай сталі, з'явіліся адгрузкі (аб'ёмам ад 50 тысяч даляраў) егіпецкім спажыўцам нафтапрадуктаў, згушчанага і сухога малака і вяршкоў, лесаматэрыялаў, але пры гэтым у 13 раз (амаль да 125 тыс даляраў) скараціўся ўвоз бабруйскіх шын, грузавых аўтамабіляў. Не было паставак фанеры, станкоў у ранейшых аб'ёмах.
У Егіпет на суму 1,6 млн даляраў былі адпраўленыя ў першым паўгоддзі 120 кг планаў і чарцяжоў – а менавіта, дакументацыі, неабходнай для стварэння супольнай вытворчасці.
Егіпет таксама стаў найбуйнейшым пакупніком трактароў МТЗ, павялічыўшы закупкі са 138 да 172 штук. А вось у Судан, які пасля паездкі Аляксандра Лукашэнкі разглядаецца пунктам апірышча для экспансіі ў Цэнтральную і Усходнюю Афрыку, адгрузкі трактароў скараціліся са 153 да 51 штукі. Не пастаўляліся яны сёлета ў Сьера-Леонэ, якая была ў першым паўгоддзі 2016 годзе трэцім па значэнні афрыканскім імпарцёрам.
У ПАР таксама ёсць беларуская амбасада, але поспехі беларускіх вытворцаў на гэтым, самым развітым рынку Афрыкі, пакуль не прыкметныя. Зрэшты, ПАР важная як плацдарм у развіцці экспарту на суседнія, менш канкурэнтныя рынкі.
Ангола прадоўжыла купляць беларускія грузавікі, а таксама рэалізавала кантракты на ўвоз вылічальных машын для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі, апаратаў для кіравання электрычным токам і частак да апаратуры прыёму і перадатчыкаў.
Зімбабвэ купіла больш за ўсіх у Афрыцы беларускіх пагрузчыкаў і іншай дарожна-будаўнічай тэхнікі (26 адзінак), грузавікоў (21 адзінку), а таксама 4 аўтамабілі спецыяльнага прызначэння і вырабы з чорных металаў.
У Заходняй Афрыцы пасольства Беларусі дзейнічае ў Нігерыі. Аднак у лік найважнейшых рынкаў збыту для беларускіх тавараў гэтая багатая краіна не ўваходзіць. У першым паўгоддзі найбуйнейшай пастаўкай, зафіксаванай Белстатам, стала адгрузка ў Нігерыю беларускіх нафтапрадуктаў.
Важную долю ў агульным аб'ёму экспарту Беларусі ў Афрыку займаюць калійныя ўгнаенні. Але даведацца, у якія краіны яны пастаўляюцца, немагчыма праз закрытасць інфармацыі. Азотныя і змешаныя мінеральныя ўгнаенні статыстыка ўлічвае, але сёлета сітуацыя нестабільная. Спыніліся адгрузкі ў Алжыр, Кенію, Камерун. Затое з'явіліся з досыць буйнымі аб'ёмамі Сенегал (азотныя ўгнаенні) і Кот д'Івуар.