Павел Дураў раскрыў падрабязнасці вярбоўкі ў ФБР
- 6.09.2017, 9:38
Са слоў стваральніка Telegram, амерыканскія агенты на галаву перасягаюць расейскіх.
Заснавальнік сацыяльнай сеткі «Вконтакте» і мэсэнджара Telegram Павел Дураў у інтэрв'ю амерыканскаму выданню The Baffler распавёў пра тое, як менавіта агенты з Федэральнага бюро расследаванняў (ФБР) ЗША спрабавалі прымусіць Telegram да супрацоўніцтва, паведамляе РБК.
Са слоў Дурава, цікавасць да яго амерыканскія праваахоўныя органы праявілі ў 2014 годзе, пасля таго як ён прадаў сваю долю ў «Вконтакте» і з'ехаў з Расеі. ФБР, успамінае заснавальнік мэсэнджара, падчас перасячэння мяжы пачалі пытацца пра ягоную працу ў сацыяльнай сетцы, пра тое, ці даводзілася яму супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі, выконваць іх патрабаванні, падаваць спецслужбам звесткі пра карыстальнікаў.
«Мне не спадабаліся гэтыя пытанні, - адказаў Дураў. - Я не хацеў рабіцца амерыканскім кратом, таму я проста падаў ім мінімум інфармацыі, якая ўжо да гэтага была распаўсюджаная ў СМІ».
Пазней, падчас іншых паездак, распавёў суразмоўца выдання, супрацоўнікі ФБР сталі цікавіцца ўжо пра ягоную працу над Telegram, напрыклад, аб прынцыпах працы сэрвісу і пра тое, як амерыканскія ўлады маглі б звязацца з яго стваральнікам у будучыні. Агенты, адзначыў Дураў, папрасілі яго даць ім адрас ягонай электроннай пошты, куды пачалі дасылаць лісты з прапановай аб дапамозе ў выпадку, калі яна раптам спатрэбіцца Telegram. Дураў на гэтыя паведамленні ніяк не рэагаваў.
У траўні 2016 года ў той час, калі заснавальнік мэсэнджара прыехаў у Сан-Францыска для таго, каб узяць удзел у штогадовай канферэнцыі Google I/O, у кватэру, якую ён зняў праз Airbnb, раніцай без папярэджання прыйшлі двое агентаў ФБР і пачалі задаваць пытанні аб Telegram.
«Яны паказалі мне пастанову суда і сказалі: «Мы вельмі паважаем вашу пазіцыю наконт прыватнасці і крыптаграфіі і мы паважаем тое, што вы спрабуеце зрабіць. Але ў свеце існуе тэрарызм, гэта сур'ёзная праблема, і мы абавязаныя абараняць грамадства. Спадзяемся, вы разумееце і падзяляеце нашы погляды», - распавёў Дураў, дадаўшы, што агенты прапанавалі яму стварыць нефармальны канал, праз які можна будзе абменьвацца інфармацыяй аб канкрэтных карыстачах мэсэнджара ў выпадку ўзнікнення тэрарыстычнай пагрозы. Заснавальнік дадатку ў адказ на гэта сказаў, што агучыць сваю пастанову пасля таго, як судовы дакумент вывучаць ягоныя юрысты.
Дураў мяркуе, што яму паказалі падробленую пастанову суда, бо ў ягонай кампаніі няма афіцыйнага прадстаўніцтва ў ЗША, а сэрверы Telegram толькі часткова знаходзяцца ў гэтай краіне.
«У Расеі хлопцы з ФСБ, з якімі я кантактаваў, не ўразілі мяне. Яны былі сярэдніх здольнасцяў і не вельмі кваліфікаваныя. Агенты ФБР не тыя. Тыя, хто дапытваў мяне, былі кампетэнтнымі. Яны размаўлялі на некалькіх мовах. Яны прыйшлі падрыхтаванымі і дакладна ведалі, якія пытанні задаваць. Яны былі высокага калібру. І я зразумеў, што ў ЗША так шмат рэсурсаў гарантавання бяспекі, што гэта папросту страшна», - падкрэсліў суразмоўца.
Таксама Дураў распавёў пра тое, як ФБР спрабавалі падкупіць аднаго з распрацоўнікаў Telegram. Праваахоўнікі, растлумачыў заснавальнік мэсэнджара, выйшлі на супрацоўніка сэрвісу ў той момант, калі ён прыехаў на канферэнцыю Google у ЗША. Праграміста дапытвалі на мяжы супрацоўнікі кіберпадраздзялення, а пасля гэтага яшчэ сустрэліся з ім у Сан-Францыска. Агентаў цікавіла архітэктура Telegram, алгарытмы шыфравання. У выніку спецслужбы прапанавалі распрацоўніку «прыблізна дзясятак тысяч даляраў» за стварэнне канфідэнцыйнага канала ў таямніцы ад Дурава, праз які ён будзе перадаваць уладам ЗША неабходныя для іх звесткі. Аднак пасля гэтай размовы праграміст сустрэўся з Дуравым і распавёў яму аб кантактах з ФБР.
У сярэдзіне чэрвеня Павел Дураў у сваім Twitter упершыню распавёў пра тое, як супрацоўнікі ФБР спрабавалі падкупіць ягонага распрацоўніка ў абмен на супрацоўніцтва, аднак падрабязныя дэталі не раскрыў.