У Менск вязуць залаты трон Тутанхамона
- 6.09.2017, 9:25
Паводле старажытнай легенды, кіраўнікі, што паквапіліся на скарбы фараона, будуць немінуча зрынутыя.
Некалькі сотняў экспанатаў будуць прадэманстраваныя ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў рамах выставы «Скарбы Старажытнага Егіпта» з 9 верасня да 10 снежня гэтага года, паведамляе interfax.by.
Міжнародная перасоўная выстава «Скарбы Старажытнага Егіпта» прыедзе ў Менск упершыню. Экспазіцыя, над якой працавала інтэрнацыянальная каманда спецыялістаў-егіптолагаў, стваралася 10 гадоў. Сярод экспанатаў ёсць арыгіналы з больш чым 2000-гадовай гісторыяй, а таксама адноўленыя копіі саркафагаў, прадметаў побыту, статуй, упрыгожанняў і іншых артэфактаў, якія пазнаёмяць наведвальнікаў з таямніцамі і легендамі гісторыі Старажытнага Егіпта. У залах Нацыянальнага мастацкага музея наведвальнікі змогуць акунуцца ў жыццё цэлай цывілізацыі, якая зрабіла неацэнны ўнёсак у развіццё ўсяго чалавецтва.
Цяпер у музеі ідуць работы арганізацыі выставы, якія будуць доўжыцца цягам тыдня. Выстава «Скарбы Старажытнага Егіпта» размясцілася ў чатырох залах першага паверха музея. У кожнай з шасці зон экспазіцыі ёсць яскравыя экспанаты, звязаныя з эпохай фараонаў. Падарожжа па экспазіцыі пабудаванае такім чынам, каб у наведвальнікаў склалася найбольш цэласнае ўражанне аб гэтай цывілізацыі, поўнай містычных гісторый, а іх таямніцы раскрываліся з пераходам з залы ў залу.
Тысячы загадак, звязаных з імёнамі Тутанхамона, Неферціці, Рамзэса і іншых кіраўнікоў Старажытнага Егіпта, па гэты дзень раздзіраюць самыя цікаўныя розумы чалавецтва. Менавіта таму праз тысячы гадоў не вычэрпваецца цікавасць да гэтай гісторыі ва ўсім свеце. Сакрэты муміфікацыі, сакрамэнту замагільнага жыцця, раскоша магільняў, галоўныя дасягненні асноўных дынастый - пра ўсё гэта і раскажа выстава «Скарбы Старажытнага Егіпта».
Цягам усяго часу працы выставы ў музеі будуць праходзіць тэматычныя лекцыі, майстар-класы, дзіцячыя інтэрактыўныя заняткі. А таксама з 11 верасня да 10 снежня ўсе ахвотныя могуць узяць удзел у гарадскім квэсце «Праклён Тутанхамона» і атрымаць шанец атрымаць тур на дваіх у Егіпет.
Цікава, што, паводле адной са старажытных легенд, кіраўнікі, якія паквапіліся на скарбы фараона, будуць немінуча зрынутыя.