BE RU EN

20 гадоў барацьбы пад бел-чырвона-белым сцягам

6 верасня 1997 года быў створаны «Малады фронт».

«Малады фронт», які стаў першай арганізацыяй для многіх моладзевых і палітычных лідараў, быў створаны 6 верасня 1997 года. Удзельнікі ўстаноўчага з'езда ўспамінаюць, што першапачаткова хацелі правесці яго ў Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня, аднак гэтая дата прыпала на будны дзень, таму з'езд наважылі перанесці на 6-га.

Штуршком да стварэння арганізацыі сталі падзеі вясны 1997 года, калі акцыі пратэсту праходзілі ў Менску ледзь не штотыдзень. «Людзі ў той час былі вельмі ўзлаваныя на ўлады. Выходзілі з жаданнем пагаварыць, нават пабіцца з праваахоўнікамі. Мы лёгка маглі пасля мітынгу пайсці шэсцем да амбасады Расеі і пікетаваць яе», - згадвае Аляксей Янукевіч.

У выніку ідэя стварыць моладзевую апазіцыйную арганізацыю была рэалізаваная за некалькі месяцаў паездак па рэгіёнах. Ужо праз два гады толькі ў Менску налічвалася больш за 200 актывістаў «Маладога Фронту», яшчэ прыкладна столькі ж іх было ў рэгіёнах.

«Радыё Свабода» папрасіла стваральнікаў першай палітычнай моладзевай арганізацыі краіны падзяліцца здымкамі са старых фотаальбомаў. Некаторыя з іх публікуюцца ўпершыню.

Выступ Паўла Севярынца на першым з'ездзе «Маладога Фронту». 6 верасня 1997 года.

Зіма 1998 года, акцыя на плошчы Якуба Коласа. Злева направа: Андрэй Сяргееў, Аляксандр Шыбко, Аляксей Чарняеў.

2 красавіка 1998 года. Павел Севярынец праходзіць праз кардон спецназа, яго арыштуюць праз некалькі хвілін. У следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ён правядзе два месяцы.

«Чарнобыльскі шлях - 1998». Акцыя ў падтрымку арыштаванага Паўла Севярынца. Будучаму лідару БНФ Аляксею Янукевічу (другі злева ў першым радзе) тут 22 гады.

Кіраўніцтва «Маладога Фронту» едзе ў Кіеў на сустрэчу з Зянонам Пазняком. 1998 год. Злева направа: Аляксандр Карніленка (не ўваходзіў у склад кіраўнікоў «МФ»), Аліна Шаліна, Павел Севярынец, Яўген Скачкo, Андрэй Пятроў, Аляксей Янукевіч.

Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч ля тагачаснай Управы БНФ на Варвашэні 1999 год.

1999 год, адна з першых прэс-канферэнцый «Маладога Фронту». Былая ўправа БНФ на вуліцы Варвашэні. У першым шэрагу злева направа: Аляксей Янукевіч, Кацярына Бяспалава, Павел Севярынец, Аляксандр Стральцоў. У другім: Яўген Скачкo, Вольга Анціповіч, Андрэй Пятроў, Аляксей Шэін.

«Марш свабоды». На чале шэсця кіраўнік Койданаўскай арганізацыі «МФ» Яўген Афнагель. 1999 г.

Восень 1999 года, акцыя «Маладога Фронту» ў Берасці.

2000 год, акцыя ў падтрымку зніклых палітыкаў і журналістаў на Кастрычніцкай плошчы Менска.

Паездка кіраўніцтва і актывістаў арганізацыі ў Чэхію на сустрэчу з Вацлавам Гаўлам. Вясна 2000 года.

Кангрэс беларускай моладзі, 2001 год. Амаль усе мерапрыемствы і з'езды ў першыя гады існавання «Малады Фронт» праводзіў у ДК «Сукно».

Акцыя дзяўчат «Маладога Фронту», якія пратэставалі супраць арышту актывістаў арганізацыі «Край» у Горадні.

Апошнія навіны