BE RU EN

Піяршчык Лукашэнкі «пагарэў» на расізме

Скандал адбыўся ў Паўднёвай Афрыцы.

Вядомая брытанская PR-кампанія Bell Pottinger была выключаная без права аднаўлення цягам пяці гадоў з Брытанскай асацыяцыі PR-кансультантаў (PRCA) у выніку скандалу, выкліканага працай кампаніі ў Паўднёвай Афрыцы.

Асацыяцыя абвінаваціла Bell Pottinger у неаднаразовым парушэнні статута арганізацыі, кодэкса карпаратыўнай этыкі і распальванні расавай нянавісці.

Пра гэта паведамляе расейскі «Коммерсант».

Bell Pottinger, заснаваная ў 1998 годзе лордам Цімаці Бэлам, які ў 70-х гадах быў дарадцам Маргарэт Тэтчэр, мае шырокія сувязі і нярэдка брала ў якасці кліентаў неадназначных асоб. У ліку яе былых кліентаў - Аўгуста Піначэт, Барыс Беразоўскі, Аляксандр Лукашэнка, жонка прэзідэнта Сірыі Асма Асад.

Нагодай выключыць кампанію з Асацыяцыі сталі абставіны працы Bell Pottinger на паўднёва-афрыканскую кампанію Oakbay Capital. Апошняя належыць сям'і паўднёва-афрыканскіх бізнэсоўцаў індыйскага паходжання Гупта. У 2016 годзе адзін з братоў Гупта - Атул - увайшоў у лік самых багатых людзей Паўднёвай Афрыкі. Сям'я Гупта падтрымлівае цесныя сувязі з урадам прэзідэнта Джэйкаба Зумы. Як сцвярджаюць СМІ, сям'я ўплывае на прызначэнне міністраў і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў.

Брытанскія піяршчыкі з Bell Pottinger прыклалі намаганні, каб адцягнуць увагу грамадскасці ад сям'і Гупта і яе сувязяў з кіраўніцтвам краіны і пераключыць на іншыя праблемы. Прынамсі, на праблему «засілля белага капіталу» ў краіне. Кампанія вялася ў тым ліку праз сацыяльныя сеткі пад хэштэгам #WhiteMonopolyCapital (манаполія белага капіталу).

У ліпені гэтага года пасля пачатку расследавання Асацыяцыі PR-кансультантаў генеральны дырэктар Bell Pottinger Джэймс Гендэрсан публічна папрасіў прабачэння за дзейнасць кампаніі ў Паўднёвай Афрыцы. А ў мінулыя выходныя, не чакаючы публікацыі вынікаў расследавання, ён падаў у адстаўку.

Лорд Бэл і Беларусь

У снежні 2012-га ў інтэрнэце з'явілася справаздача кампаніі лорда Бэла Chime Communications з Вялікай Брытаніі аб працы для паляпшэння іміджу Беларусі на міжнароднай арэне ў 2008-2009 гадах. З беларускага бюджэту за гэты піяр было заплачана 10 мільёнаў еўраў.

Кантракт беларускага ўраду з лордам Бэлам дзейнічаў адзін год. Ён быў падпісаны ў ліпені 2008 года, а 16 жніўня з турмы быў вызвалены экс-кандыдат на выбарах прэзідэнта Аляксандр Казулін. Вызваленне палітвязняў лорд Бэл назваў адной з прычын тагачаснага паляпшэння іміджу Беларусі і зняцця некаторых міжнародных санкцый.

Раней лорд Бэл прызнаў, што PR-кампанія Bell Pottinger Group, якая ў 2008-2009 гг працавала для паляпшэння іміджу Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе, атрымлівала ганарары выключна ад ураду Беларусі.

Апошнія навіны