BE RU EN

Стан народа, як перад навальніцай

Лукашэнка ўсё больш нагадвае састарэлага Леаніда Ільіча.

Восень гэтага года прадэманстравала, што колькасць схаваных пабораў з беларусаў значна большая, чым можна было меркаваць.

Не паспелі заціхнуць першыя званкі ў школах, а ўжо высветлілася, што за навязаны ўрадам графік «пад Колю» давядзецца плаціць бацькам, бо ранішнія групы падоўжанага дня не бясплатныя.

Сітуацыя з падручнікамі таксама больш падобная на аднабаковае збіранне хабару дзяржавай: іх якасць даўно не каштуе тых грошай, якія за іх аддаюць.

У дадатак да ўсяго з 1 верасня падаражэлі камунальныя аплаты, і ў гэтай справе таксама не абышлося без фокусу з «падвойным дном».

Дзе знаходзіцца тая апошняя рыса, пераступіўшы якую ўлады страцяць усё? Пра гэта журналісты сайта Charter97.org пагаварылі з прадстаўніком Беларускага Нацыянальнага Кангрэса ў Горадні Сяргеем Верамеенкам.

- 1 верасня дадало клопатаў беларускім сем'ям. Якія настроі ў людзей у Горадні?

- Гнеў народа закіпае. Хачу вам сказаць, што я толькі што выйшаў з банка, дзе аплачваў свае рахункі. Размовы ў чарзе паказалі, што сітуацыя надта гарачая. Людзі стаяць у велізарных чэргах, каб заплаціць вялікія сумы за падручнікі не самай найлепшай якасці.

Усё, што адбываецца ў краіне, нагадвае сітуацыю позняга Брэжнева. Агульны маразм улады дайшоў да крайняй рысы. Лукашэнка больш за ўсё нагадвае састарэлага Леаніда Ільіча. Чаго толькі вартыя ягоныя развагі аб тым, што наша моладзь не можа адрозніць каня ад каровы! Ці гэты графік заняткаў «пад Колю», які абурыў увесь народ.

Мы бачым, што ўлада ўсё больш апускаецца ў маразм і аддзяляецца ад масы людзей. У Драздах ужо жывуць самі па сабе, у паралельнай рэальнасці. І сваімі недарэчнымі эксперыментамі ўсё больш настройваюць беларусаў супраць сябе. Упэўнены, што ні да чаго добрага для ўладаў гэта не прывядзе.

- Якія яшчэ эксперыменты ўладаў, акрамя бязладнага пачатку навучальнага года, выклікаюць незадаволенасць у беларусаў?

- Мабыць, самае непрыемнае з новаўвядзенняў – гэта чарговае падаражанне камунальных паслуг. І больш за ўсё раздражняе, што гэта далёка не апошняе ўздыманне коштаў на фоне жудаснай якасці саміх паслуг. У Горадні ўжо сёння ў дамах адчуваецца холад і волкасць. Увесь горад перакапалі, рыхтуючыся да новага ацяпляльнага сезона, а невядома, ці дадуць цяпло своечасова. А плату, вядома ж, будуць збіраць без спазненняў.

Агульны стан у народзе вельмі напружаны, як перад навальніцай.

Турботы дадаюць і супольныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017».

- У Горадні прыкметныя нейкія падрыхтоўкі да гэтых манеўраў?

- Гарадзенскі журналіст Зміцер Івашын пісаў пра калону вайсковай тэхнікі без знакаў адрознення (як мяркуецца – расейскай), якая заязджала на тэрыторыю вайсковай часткі за гарадзенскім Фолюшам. Я таксама гэтую тэнтаваную калону бачыў сваімі вачыма.

Некалькі разоў праз горад праходзіла беларуская вайсковая тэхніка ў бок Гожскага палігона. Вось і ўзнікае пытанне: калі Генштаб заяўляе, што вучэнні абарончыя, то навошта канцэнтраваць тэхніку на палігоне каля мяжы Польшчы і Літвы? Бо нам жа заяўлялі, што вучэнні будуць праходзіць далёка ад заходніх межаў Беларусі.

- Атрымліваецца, генералам ёсць што ўтойваць?

- Атрымліваецца, што так. І гэта таксама нервуе людзей. Да таго ж тэхніка падчас руху непапраўна псуе дарожнае пакрыццё. Ды і аварыі таксама здараліся: усе памятаюць ДТЗ, калі бронетранспарцёр сутыкнуўся з аўтамабілем гарадзенца.

Што ўтойваць беларускія генералы – гэта асобнае пытанне. Куды прасцей адказаць, чаму яны гэта робяць. Тут усё зразумела: яны марыянеткі. Напраўду яны будуць выконваць тыя планы і задумы, якія для іх падрыхтавалі ў Крамлі. Наша кіраўніцтва – і вайсковае, і грамадзянскае – гэта людзі, якія на 100% залежаць ад Расеі, кормяцца з рукі Пуціна.

Таму самае важнае, што мы павінны зрабіць, гэта выйсці 8 верасня на Акцыю папярэджання на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Гэта адзіны шлях для таго, каб захаваць годнасць. Кожны беларус мае права выйсці ў гэты дзень і выказацца супраць расейскіх вайскоўцаў. Гэта пытанне гонару.

Зразумела, што людзей больш хвалююць сацыяльна-эканамічныя праблемы, але я ўпэўнены: сітуацыя спрыяе таму, што ў беларусаў уключаецца мозг і бачанне на перспектыву.

- Што менавіта спрыяе гэтаму абуджэнню?

- Бяздарныя эксперыменты ўладаў над эканомікай і народам. Людзей давялі да апошняй рысы, за якой пачынае «галадаць» страўнік і прымушае ўключаць мазгі.

Пратэстныя акцыі гэтага года паказалі: беларус – гэта чалавек, які думае. Здавалася б, улада звязала нашых людзей кантрактамі, татальным кантролем, рызыкай страціць працу. Але народ «уключыў галаву» і разумна ацаніў, што будучыня каштуе даражэй, чым імгненныя «страты» праз пратэсты.

Беларусы – нацыя спакойная, але мы генетычна свабодныя і свабодалюбныя людзі. Вартыя значна большага, чым можа даць гэтая ўлада, і галоўнае – якія думаюць сваёй галавой. Думаю, што мы ўжо праходзім тую рысу, за якой беларус зменьваецца і яго ўжо немагчыма будзе спыніць.

Самы просты прыклад: апошняя аблава на беларускіх партызан пад Горадняй прайшла ў 1953 годзе. Антысавецкі супраціў цяжка было спыніць, а ў свядомасці людзей ён не спыняўся да самага развалу імперыі. Цяпер жа мы маем справу з «недаімперыяй», якая падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і значна слабейшая за СССР. І абураных беларусаў ёй будзе куды цяжэй спыніць.

Апошнія навіны