Мінабароны: Чакаем толькі расейскую авіяцыю
- 5.09.2017, 15:50
Падрыхтоўка вайсковых вучэнняў «Захад-2017» увайшла ў завяршальную стадыю.
Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заяўляе, што падрыхтоўка да правядзення супольных беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017» увайшла ў завяршальную стадыю. Пра гэта паведамляе interfax.by.
«Органы кіравання і войскі для выканання задач гатовыя. Для гэтага створаныя неабходныя групоўкі ў раёнах выканання вучэбна-баявых задач. Гэтымі раёнамі будуць з'яўляцца шэсць палігонаў Узброеных Сіл і дзве пляцоўкі мясцовасці. Войскі туды выведзеныя, разгорнутыя», - сказаў Раўкоў.
Са слоў міністра, «засталося скончыць перабазаванне авіяцыі, расейскі складнік - 27 лятальных апаратаў».
«Сваю авіяцыю супольна размясціць на падрыхтаваныя аэрадромы і скончыць мерапрыемствы мабілізавання і прывядзення ў гатоўнасць да выканання задач сіл і сродкаў тэрытарыяльнай абароны Глыбоцкага раёна. Там мабілізуецца штаб раёна і асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў. Усе астатнія мерапрыемствы выкананыя», - сказаў кіраўнік Мінабароны.
Ён таксама праінфармаваў, што на 13 верасня запланаванае правядзенне штабной трэніроўкі ў шэрагу пытанняў.
Нагадаем, расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі пачнуцца ў верасні. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічаная рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў - больш за 4-ы тысячы. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.
У вучэннях будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманавым. Таксама паведамляецца, што запланаваныя рэйды на «пляцоўках мясцовасці» каля Дрэтуні.
8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».