BE RU EN

Дзяржаўная пазыка Беларусі дасягнула гістарычнага максімуму

  • 29.09.2017, 14:09

Вонкавая дзяржаўная пазыка з пачатку года вырасла на $2 мільярды.

Вонкавая дзяржаўная пазыка Беларусі з пачатку года вырасла з улікам курсавых розніц на 14,7%, або на 2 млрд даляраў, да 15,7 млрд даляраў на 1 верасня, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Уся дзяржаўная пазыка Беларусі на 1 верасня 2017 года склала 39,6 мільярда рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з пачаткам года на 2,7 млрд рублёў, або на 7,2%, піша tut.by.

У студзені-жніўні дзяржава прыцягнула вонкавыя пазыкі на 2,656 млрд даляраў. Асноўны аб'ём, 1,4 млрд даляраў, - гэта сродкі ад размяшчэння еўрааблігацый. Буйнымі крэдыторамі выступілі таксама Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (дзве раты на 600 млн даляраў), урад і банкі Расеі (353,1 млн даляраў), банкі Кітая (190,4 млн даляраў), Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (108,7 млн даляраў), ЕБРР (3,6 млн).

На выплату вонкавай дзяржаўнай пазыкі Беларусь за восем месяцаў накіравала 697,8 млн даляраў (ураду РФ - 264,3 млн далярпаў, банкам Кітая - 217,5 млн, ЕФСР - 176,6 млн даляраў, МБРР - 38,5 млн, ЗША - 0,7 млн, ЕБРР - 0,2 млн).

Унутраная дзяржаўная запазычанасць з пачатку года паменшылася на 0,9 млрд рублёў, або на 8,7%, да 9,3 млрд рублёў.

За студзень-жнівень 2017 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму 414,1 млн даляраў. Кампенсавана аблігацый на 997,9 млн даляраў і 170,5 млн руб.

Мінфінансаў заанепакоенае ростам расходаў на абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці, доля гэтых аплатаў у аб'ёме расходаў рэспубліканскага бюджэту ў 2016 годзе склала больш за 10%, у той час як у 2010 годзе - блізу 2%. Доля запазычанняў летась склала 41,7% да ВУП пры крытычным у значэнні 45-50%.

Ужо вядома, што і налета для разлікаў па вонкавай запазычанасці Беларусі спатрэбяцца новыя пазыкі. Замежныя абавязацельствы, намінаваныя ў валюце, у 2018 годзе складуць 2,5 млрд даляраў, блізу 1,7 млн даляраў плануецца рэфінансаваць за кошт новых пазык. Напрыклад, гаворка ідзе пра новае размяшчэнне еўрабондаў.

Апошнія навіны