BE RU EN

Пошукамі Максіма Мархалюка зоймуцца прафесіяналы

  • 29.09.2017, 10:49

Cпецыялісты будуць даследаваць багністыя месцы, куды непадрыхтаваных людзей пускаць нельга.

Пасля 13 дзён безвыніковых пошукаў зніклага ў Белавежскай пушчы 10-гадовага Максіма Мархалюка пошукі хлопчыка будуць прадаўжаць толькі адмыслова падрыхтаваныя групамі.

Такую пастанову прынялі супрацоўнікі МНС і МУС. У пошуках надалей возьмуць удзел спецыялісты пошукава-выратавальных атрадаў «ЦентраСпас» і «Анёл» пры дапамозе мясцовых жыхароў.

Кіраўнік атрада «Анёл» Сяргей Коўган распавёў «Радыё Свабода», што цяпер вялікай колькасці пошукавікоў не трэба. Паводле ягоных слоў, будуць камплектавацца групы па 50-60 чалавек са спецыялістаў, перад якімі паставяць канкрэтныя задачы.

«Цяпер даследуюцца багністыя месцы, куды непадрыхтаваных людзей пускаць нельга, - кажа Сяргей Коўган. - Дарэчы, іх ніхто не пускаў і ў мінулыя выходныя на такія месцы, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў. Спецыялісты будуць працаваць на канкрэтных тэрыторыях. Мы па-ранейшаму прытрымліваемся версіі, што хлопчык заблукаў».

Пашукавікі па-ранейшаму не выявілі ніякіх слядоў Максіма. За 13 дзён, паводле афіцыйнай інфармацыі, валанцёры і супрацоўнікі МНС абшукалі радыус на 25 кіламетраў ад вёскі, гелікаптэры ратавальнікаў выляталі на адлегласць да 100 кіламетраў. Паводле факту знікнення Максіма Мархалюка следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч 2 арт 167 КПК.

Першыя паведамленні ў СМІ аб знікненні Максіма Мархалюка з'явіліся 18 верасня. У навінах гаварылася, што ў міліцыю звярнулася маці 10-гадовага хлопчыка і паведаміла, што пад 18.00 вечара 16 верасня ён паехаў на ровары ў бок лесу ля сваёй вёскі, сказаў, што ў грыбамі і абяцаў вярнуцца праз пару гадзін, але знік.

Ужо а 22-й гадзіне 16 верасня Максіма пачалі шукаць - бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС. У лесе знайшлі ровар хлопчыка, мяшок з грыбамі, але больш ніякіх слядоў.

Паводле звестак Міністэрства надзвычайных сітуацый, цягам 2017 года ў лясах Беларусі згубіліся 26 дзяцей, не знойдзены дагэтуль толькі Максім Мархалюк. У большасці выпадкаў пошукавыя аперацыі заканчваліся поспехам у першы ж дзень.

Апошнія навіны