Прэзідэнт Францыі прапанаваў стварыць адзінае войска ЕЗ
- 26.09.2017, 21:48
Эмануэль Макрон выступіў са сваёй праграмай рэфармавання ЕЗ пасля выхаду з яго Вялікабрытаніі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выступіў са сваёй праграмай рэфармавання Еўрапейскага звязу пасля выхаду з яго Вялікабрытаніі, паведамляе svoboda.org.
Выступаючы ў аўторак у Парыжы перад студэнтамі Сарбоны, Макрон прапанаваў да 2020 года стварыць адзіную армію ЕЗ, прыняць агульны абаронны бюджэт і вайсковую дактрыну.
Закрануўшы міграцыйныя праблемы, французскі лідар падкрэсліў неабходнасць з'яўлення адзінага еўрапейскага агенцтва ў справах уцекачоў, каб спрасціць працэдуру іх прыёму, а таксама пачаць паэтапнае фармаванне памежнай паліцыі ЕЗ.
Кажучы пра эканоміку, Макрон заявіў, што не бачыць іншага шляху ўзмацнення фінансавай сістэмы Еўропы, акрамя ўмацавання адзінай валюты - еўра.
Ён прапанаваў увесці адзіную сістэму карпаратыўных падаткаў, а таксама вызначыць мінімум заробку для кожнай краіны.
«Адзіны шлях, які гарантуе нашу будучыню, - гэта аднаўленне незалежнай, адзінай і дэмакратычнай Еўропы», - сказаў на заканчэнне прэзідэнт Францыі.