BE RU EN

Курт Уолкер: ЗША не ўспрымае міратворцаў РФ на Данбасе

  • 26.09.2017, 15:40

Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША ва Украіне рэзка выказаўся наконт плана Пуціна аб Данбасе.

Прысутнасць міратворцаў на Данбасе толькі на лініі спынення агню падзеліць краіну, сказаў спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША ў пытаннях Украіны.

Спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША ў пытаннях Украіны Курт Уолкер заявіў, што прапанова краіны-агрэсаркі РФ аб увядзенні міратворцаў непрымальная і падзеліць Украіну. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю «Голасу Амерыкі».

«Калі мы гаворым уласна аб прысутнасці міратворцаў (на Данбасе, - рэд.), тое, што прапанавала Расея ў ААН, з'яўляецца вельмі вузкай канцэпцыяй, і тычыцца толькі прысутнасці на лініі спынення агню. Гэта напраўду яшчэ больш падзеліць краіну. Гэта непрымальна для кожнага, так тэрыторыю (Украіны, - рэд.) не аднавіць», - падкрэсліў Уолкер.

З ягоных слоў, калі атрымаецца прыслаць міратворчыя сілы і пашырыць гэтую канцэпцыю, каб ахапіць усю спрэчную тэрыторыю, прадугледзець стрымліванне цяжкай зброі, устанавіць кантроль за ўкраінска-расейскай мяжой з боку Украіны, то гэта можа быць шматабяцальнай ініцыятывай.

«Абодва ўрады цяпер разглядаюць канцэпцыю, каб ператварыць яе ў такую, што будзе адпавядаць інтарэсам усіх і будзе значнай і карыснай», - дадаў ён.

Уолкер мяркуе, што цяпер шмат што зводзіцца да пастаноў Расеі. «Калі яны захочуць зрабіць яшчэ адну Абхазію (з акупаванага Данбаса, - рэд.), то яны могуць гэта зрабіць, аднак для Расеі - гэта будзе вельмі дарагая прапанова», - сказаў ён.

Уолкер дадаў, што раней РФ хацела ўплываць на ўрад у Кіеве. «Яна (Расея, - рэд.) хацела мець прарасейскі ўрад, ажыццявіўшы ўварванне і акупацыю часткі Украіны. Цяпер Украіна з'яўляецца больш аб'яднанай, больш нацыянальнай, больш антырасейскай, больш празаходняй, чым раней», - сказаў Уолкер.

Спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША ў пытаннях Украіны падкрэсліў, што РФ нясе вялікія фінансавыя выдаткі, звязаныя з утрыманнем акупаванага Данбаса.

«Таму гэта адкрывае шлях да таго, што Расея, магчыма, паспрабуе неяк змяніць тактыку», - дадаў Уолкер.

5 верасня 2017 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што наяўнасць міратворцаў ААН на Данбасе «пайшла б на карысць развязання канфлікту». Аднак затым ён удакладніў, што ў ягоным разуменні гаворка ідзе пра «людзей, якія гарантуюць бяспеку місіі АБСЕ» і якія «павінны знаходзіцца на лініі размежавання і ні на якіх іншых тэрыторыях».

У МЗС нагадалі, што яшчэ ў сакавіку 2015 года прэзідэнт Пятро Парашэнка накіраваў у ААН зварот аб правядзенні ва Украіне міратворчай аперацыі, аднак Расея з тых часоў стала сабатуе гэтае пытанне ў Радзе бяспекі.

Апошнія навіны