BE RU EN

Леанід Судаленка: Давядзём да ААН сітуацыю з прымусовай працай у Беларусі

  • 26.09.2017, 14:10

Беларускія праваабаронцы маюць намер спыніць вываз дзяцей «на бульбу».

Бацькі 13-гадовай школьніцы Вікторыі Папчэні з Маладзечна, якая загінула летась падчас капання бульбы на калгасным полі, падалі ў суд на дзяржаву. Прававы інспектар прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы бацькоў у гэтай справе, мяркуе, што дзяржава ў асобе чыноўнікаў парушыла права гэтай дзяўчынкі на жыццё, паведамляе «Радыё Рацыя».

Заганную практыку прымусовай працы на палях сельгаспрадпрыемстваў трэба спыніць, кажа Леанід Судаленка:

- Гэтую скаргу мы пачынаем як стратэгічную скаргу, накіраваную ў Камітэт ААН правоў чалавека, дзе мы падымем пытанне пра тое, што праз прымусовую працу школьнікаў Беларусь парушыла у гэтым канкрэтным выпадку, калі загінула дзяўчынка, права дзіцяці на жыццё.

Гэта павінна быць апошняя смерць дзіцяці на калгасным полі.

У сувязі з гібеллю школьніцы Вікторыі Папчэні начальніка аддзела адукацыі і дырэктара школы пакаралі вымовамі, два намеснікі дырэктара пераведзеныя ў настаўнікі.

Леанід Судаленка мяркуе, што начальнік аддзела адукацыі і кіраўніцтва школы павінны не толькі панесці дысцыплінарныя пакаранні, але іх таксама неабходна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Апошнія навіны