BE RU EN

Генштаб УС Украіны: Тэматыка вучэнняў «Захад-2017» не адпавядала іх задуме

  • 25.09.2017, 19:45

Генштаб УСУ заявіў, што расейскія вучэнні былі «ўмоўна адкрытымі» для назіральнікаў.

Расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» былі толькі «ўмоўна адкрытымі» для міжнародных назіральнікаў. Такую заяву ўпраўлення верыфікацыі Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны прыводзіць Міністэрства абароны Украіны.

Украінскія назіральнікі, якія на запрашэнне беларускага боку працавалі на манеўрах з 16-га да 20 верасня, не змаглі пераканацца «ў праўдзівых намерах пры адпрацоўцы форм і спосабаў прымянення войскаў Беларусі і Расеі».

Адзначаецца, што прымаючы бок не дазволіў назіральнікам пагутарыць з асабістым складам беларускіх і расейскіх падраздзяленняў. Таксама верыфікатарам не дазволілі наведаць палявыя лагеры вайскоўцаў.

«Тэма вучэнняў і практычныя дзеянні прыцягнутых воінскіх часцей і падраздзяленняў значна адрозніваліся. Абаронная тэматыка вучэнняў на працягу іх правядзення не адпавядала задуме. Вайсковыя часці і падраздзяленні выконвалі наступальныя дзеянні, наносілі паразу суперніку ў раёнах засяроджвання, на аэрадромах і маршрутах наступу», - гаворыцца ў паведамленні.

У назіранні за вучэннямі ўдзельнічала па два прадстаўнікі ад Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, Украіны і Эстоніі.

Вайсковыя вучэнні ў Беларусі з удзелам расейскіх войскаў праходзілі з 14-га да 20 верасня. 21 верасня РФ пачала выводзіць тэхніку з краіны.

Сваю заклапочанасць з нагоды манеўраў выказвалі краіны Еўрапейскага звязу, NATO і Украіна.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што расейскія вайскоўцы падчас вучэнняў адпрацавалі ўмоўнае нанясенне масіраванага ракетна-ядзернага ўдару.

Апошнія навіны