BE RU EN

Экспэрт: Найбліжэйшым часам чакайце рост еўра да рубля

  • 25.09.2017, 16:52

Як павядзе сябе беларускі рубель на гэтым тыдні.

Паседжанне Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША, якое прайшло на мінулым тыдні, практычна ніяк не адбілася на валютным рынку, піша сайт myfin.by.

- На пасяджэнні ФРС пацвердзіла свае намеры пачаць з кастрычніка праграму скарачэння балансу, - тлумачыць Жанна Кулакова, фінансавая кансультантка TeleTrade (ТАА «ТэлетрэйдБел»). - Пасля крызісу ЗША праводзілі маштабную эмісію, каб разагнаць эканоміку. Эмітавалі шмат грошай, а цяпер збіраюцца скарачаць грашовую масу.

Тэарэтычна, на гэтым фоне даляр павінен расці. Але з 2008 года ў ЗША эмітавалі 4,5 трлн даляраў, а адбіраць цяпер будуць па 10 млрд за месяц.

- Паводле маіх падлікаў, каб выключыць усе «лішняе»,з такімі тэмпамі трэба амаль 40 гадоў. Гэта значыць, 10 млрд за месяц - гэта кропля ў моры. Акрамя таго, аб скарачэнні балансу ФРС паведаміла яшчэ ў чэрвені, і гэты фактар ужо быў улічаны ў кошце даляра. Таму вялікага эфекту ад гэтага пакуль чакаць не варта. Адразу пасля паседжання даляр крыху ўмацаваўся, потым гэтак жа хутка адкаціўся, - прадаўжае экспэрт.

Што тычыцца еўра і даляра, то ўжо досыць доўга суадносіны гэтых валют трымаюцца блізу адзнакі 1,2. Каб змяніць гэтую прапорцыю, павінна адбыцца нешта новае і важнае. Напрыклад, каб Еўрапейскі цэнтрабанк заявіў пра канкрэтныя крокі да ўзмацнення жорсткасці манетарнай палітыкі ці каб з'явіліся важкія палітычныя навіны.

- У адсутнасць значных навін, на наступным тыдні даляр і еўра будуць вагацца ля цяперашніх адзнак, змены іх курсаў, хутчэй за ўсё, пройдуць для абывацеляў непрыкметна, - мяркуе Кулакова.

У расейскага рубля пакуль усё добра, бо яму добрую падтрымку надае падаражанне на фоне ўраганаў у ЗША нафты: цяпер яе кошт блізу 56 даляраў за барэль.

На мінулым тыдні былі валютныя навіны і на ўнутраным рынку. Нацбанк знізіў нарматыў абавязковага продажу валютнага прыбытку для экспарцёраў - з 20% да 10%.

- У тэорыі гэта можа прывесці да скарачэння прапановы валюты і змены балансу паміж попытам і прапановай. Але я мяркую, што гэта ніяк не адаб'ецца на курсах валют, бо цяпер у нас вялікі прафіцыт замежнай валюты, які фармуецца за кошт насельніцтва, - мяркуе экспэрт.

Акрамя таго, гэта не азначае, што юрыдычныя асобы рэзка стануць прадаваць удвая менш валюты - ім усё адно трэба плаціць заробкі, падаткі ў беларускіх рублях.

- Рэзюмуючы, хачу адзначыць, што на гэтым тыдні не варта чакаць сур'ёзных ваганняў курсаў валют. Але ў сярэднетэрміновай перспектыве я чакаю росту еўра, у тым ліку і на беларускім рынку, а для расейскага рубля захоўваюцца палітычныя рызыкі, звязаныя з санкцыямі, таму ён можа аслабнуць, - канстатавала Кулакова.

Апошнія навіны