BE RU EN

У «віцебскіх Курапатах» стварылі свой мемарыял

  • 25.09.2017, 12:52

Актывісты ва ўрочышчы каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна ўсталявалі крыжы.

Актывісты ініцыятыўнай групы «Хайсы» ўсталявалі тры вялікія металёвыя крыжы ва ўрочышчы каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна – на месцы, дзе знайшлі масавыя пахаванні людзей. Гэтае месца ў народзе называюць «віцебскімі Курапатамі», піша tut.by.

ФОТА: ГРУПА Ў «ФЭЙСБУКУ» «ХАЙСЫ – ВІЦЕБСКІЯ КУРАПАТЫ»

Нагадаем, у лістападзе 2014 года каля дарогі Р-115 у лясным масіве побач з вёскамі Драколле і Хайсы людзі знайшлі больш за 40 раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі. У большасці чарапоў у патылічнай або цемянной частцы меліся адтуліны, хутчэй за ўсё кулявыя. Старажылы апавядаюць, што тут у 1938–1939 гады расстрэльвалі людзей. У 2016-м знойдзеныя парэшткі перазахавалі ў брацкай магіле каля чыгуначнай станцыі Лужасна. Але не як ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а як ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

ФОТА: ГРУПА Ў «ФЭЙСБУКУ» «ХАЙСЫ – ВІЦЕБСКІЯ КУРАПАТЫ»

Вясной 2017-га косткі і чарапы з адтулінамі ў патыліцы (меркавана, ад куляў) выявілі ўжо ў іншай частцы лесу пад Хайсами, прыкладна за 300–400 метраў ад пахаванняў, знойдзеных у 2014-м. 7 вялікіх раскопаў і блізу 10 маленькіх ямінаў убачыў мясцовы жыхар.

ФОТА: ГРУПА Ў «ФЭЙСБУКУ» «ХАЙСЫ – ВІЦЕБСКІЯ КУРАПАТЫ»

Побач з парэшткамі знаходзіліся прадметы – акуляры, гузікі, расчоскі, гумавы абутак, посуд і г.д. На некаторых рэчах быў відаць год выпуску – часцей за ўсё 1937-ы. У магілах і ля іх ляжала вельмі шмат куляў, іх тут збіралі дзясяткамі.

На месцы пахаванняў працавалі спецыялісты 52-га пошукавага батальёна і навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У выніковым дакуменце Інстытута НАН сказана, што сабраныя знаходкі (гільзы, абутак, прадметы індывідуальнага выкарыстання, манеты, гузікі і інш.), чарапы з агнястрэльнымі раненнямі і спосаб пахавання з'яўляюцца ўскоснымі сведчаннямі масавых рэпрэсіяў на тэрыторыі БССР перыяду 1937–1938 гадоў.

Фото: Игорь Матвеев

Пасля заканчэння ўсіх пошукавых і архіўна-даследчых працаў ва ўрочышчы Хайсы разгледзяць пытанне пра наданне гэтай тэрыторыі статусу гісторыка-мемарыяльнай мясціны. Такі адказ на запыт атрымала Віцебская арганізацыя партыі БНФ ад «аблсавету дэпутатаў».

ФОТА: ГРУПА Ў «ФЭЙСБУКУ» «ХАЙСЫ – ВІЦЕБСКІЯ КУРАПАТЫ»

Апошнія навіны