BE RU EN

Сталі вядомыя падрабязнасці пра зарэзанага беларуса ў Турцыі

  • 25.09.2017, 11:28

Віктару Галадко было 28 гадоў, у яго застаўся 3-гадовы сын.

19 верасня берасцеец Віктар Галадко з жонкай і дзіцем паляцеў у адпачынак у Турцыю. Беларусы спыніліся ў чатырохзоркавым гатэлі ў горадзе Турунч, паведамляе nn.by са спасылкай на турэцкія СМІ.

Трагедыя адбылася ў суботні вечар 23 верасня. Турэцкія газеты паведамляюць, што Віктар Галадко пайшоў у бар, дзе 17-гадовы афіцыянт адмовіўся яго абслужыць. Пасля гэтага завязалася бойка, у якой турак ударыў беларуса нажом. Віктар памёр, забойцу затрымалі.

Аднак паводле версіі сям'і загінулага, усё было не так. Сваякі ўжо звязаліся з жонкай Віктара, якая пакуль знаходзіцца ў Турцыі.

«Жонка Віктара, Юлія, засталася спаць у нумары. Віктар надумаў выпіць піва ў бары, – расказваюць сваякі сям'і. – І сярод ночы да Юліі прыйшла адна з расейскіх жанчынаў, якія адпачывалі там, кажа, прачынайся, твайго мужа забілі!»

Паводле словаў сваякоў, паліцыя праглядала камеры відэаназірання. На іх відаць, што Віктар выпіваў разам з 17-гадовым бармэнам.

«Там усё відаць. Яны выпівалі, потым бармэн адмовіўся наліваць, была нейкая сварка на словах. Потым Віктар павярнуўся і пайшоў, а бармэн дагнаў яго і ўдарыў нажом у спіну», – распавялі сваякі загінулага.

Сёння адбудзецца судовае паседжанне паводле справы, на якім бармэн выкладзе сваю версію падзеяў, кажуць знаёмыя Віктара і Юліі.

Віктару Галадко было 28 гадоў. Ён працаваў на Берасцейскім мясакамбінаце. У яго застаўся 3-гадовы сын.

Апошнія навіны