BE RU EN

Тадэвуш Касцюшка: герой многіх народаў

  • 24.09.2017, 10:52

На пастанову камісіі ЮНЕСКА, 2017-ы год быў годам памяці Тадэвуша Касцюшкі.

Успамінаюць добрым словам Андрэя Тадэвуша Банавентура Касцюшку ў многіх краінах свету, у тым ліку - у Польшчы і ЗША. І там, і там ён з'яўляецца нацыянальным героем. А што ведаюць пра яго землякі? - задаецца пытаннем np.by.

Хто вы, пан Тадэвуш?

Тадэвуш праславіўся сваім удзелам у вайне Рэчы Паспалітай супраць Расейскай імперыі, паўстанні 1794 году, прычым, удзельнічаў не шарагоўцам, а ў якасці генерала дывізіі, і аднаго з самых паспяховых. І пры гэтым, узяты ў палон войскам Расейскай імперыі, пасля двухгадовага палону ў Петрапаўлаўскай крэпасці, пры асабістай гутарцы з Паўлам І пераканаў апошняга адпусціць яго і яго жаўнераў (усяго больш за 20 тысяч чалавек) на волю. Якім чынам яму гэта ўдалося, гісторыя замоўчвае, а гісторыкі наперабой спрачаюцца пра ягоныя цудоўныя прамоўніцкія здольнасці. Адзінае, чаго запатрабаваў расейскі цар, гэта спынення супраціву на польска-літвінскіх землях (у тым ліку, і на тэрыторыі цяперашняй Беларусі). Гэта было магчыма толькі пры ўмове эміграцыі, і воін з'ехаў за мяжу - перш у ЗША, потым у Францыю, а пазней - у Швейцарыю.

Дэмакратычныя погляды самога Тадэвуша зніжалі яго ўласныя прыбыткі - адмовіўшыся ад, кажучы сучаснымі штампамі, эксплуатацыі працы сялян, якія пражывалі на тэрыторыі радавога маёнтка іх сем'і, ён паступова страціў свае даходы і нават стаў браць пазыкі. Дарэчы, менавіта ў маёнтку Касцюшкі ўпершыню на тэрыторыі Рэчы Паспалітай была цалкам скасаваная паншчына (неабходнасць апрацоўваць пэўны аб'ём работ на карысць землеўладальніка за магчымасць жыць на яго зямлі) для жанчын, а для мужчын - скарочана да зусім смяхотных па тых часах двух дзён на тыдзень.

Менавіта ён прасоваў ідэі надання людзям з абмежаванымі правамі (у Амерыцы - неграў, у Рэчы Паспалітай - сялян і габрэяў) паўнавартаснага грамадзянства. На думку маладога рэфарматара, толькі гэтыя меры рабілі краіну больш устойлівай да знешніх пагроз, асабліва - да пагроз вайсковых.

Поўнае асабістае і маёмаснае вызваленне сваіх сялян Тадэвуш Касцюшка аформіў у 1817 годзе. Толькі вось высокі дазвол на гэты акт ад расейскага цара атрыманы так і не быў.

За акіянам, у ЗША

У ЗША пра Тадэвуша Касцюшку захавалася нямала ўспамінаў. Уступіўшы ў вайну на баку Кантынентальнага войска, ён не проста вайсковым майстэрствам пасароміў сваіх праціўнікаў, але і стаў заснавальнікам фактычна новага кірунку вайсковай навукі - амерыканская вайсковая інжынерыя сваім развіццём абавязана менавіта яму.

Галоўны ўнёсак зроблены нашым суайчыннікам у амерыканскую гісторыю - гэта ўклад інжынерны. Сапраўды, будучы прафесійным вайсковым інжынерам, ён паспяхова знаходзіў аптымальныя месцы для фартыфікацыйных збудаванняў (нават калі гэтыя знаходкі ў выніку не былі рэалізаваныя), а самі фарты былі прызнаныя практычна непаражальнымі. Менавіта намаганнямі грамадскасці ў ЗША збіраліся сродкі на ўзвядзенне помнікаў Тадэвушу Касцюшку як адной са знакавых фігур амерыканскай гісторыі.

Праўда, у гісторыі захаваўся і вельмі сумны факт: брыгаднаму генералу Касцюшку цягам амаль сямі гадоў службы ў кантынентальнай войску не выплачваўся заробак. Вядома, ён у гэтым быў не самотны - ва ўрада папросту не было сродкаў на выплаты вайскоўцам, аднак, што называецца, асадак застаўся.

Памяць у Польшчы

Палякі заўзята захоўваюць памяць пра сваіх герояў, нават (ці - асабліва?) калі гаворка ідзе пра герояў Рэчы Паспалітай, канфэдэратыўнай, а пазней федэратыўнай дзяржавы, якае аб'ядноўвала, у тым ліку, і цяперашнія беларускія землі. Таму, прызнаўшы яго нацыянальным героем, палякі ўсяляк спрыяюць захаванню памяці аб ім і ягоных подзвігах у імя незалежнасці Рэчы Паспалітай ад Расейскай імперыі. Помнікі і памятныя знакі, звязаныя з генералам інжынерных войскаў і брыгадным генералам Тадэвушам можна знайсці ў літаральным сэнсе па ўсёй краіне.

Атрымаць месца ў войску Польшчы па вяртанні з-за акіяна малады генерал не здолеў. Прычына пралягала ў палітычных інтрыгах паміж апошнім каралём Рэчы Паспалітай, Станіславам Аўгустам, і заступнікамі таленавітага шляхціца, родам Чартарыйскіх.

Памяць на радзіме

Пра тое, што «няма прарока ў сваёй айчыне», сказана вельмі даўно. Але ўжо ў новым тысячагоддзі помнік Касцюшку ўсё ж з'явіўся і ў Беларусі - каля Косава, што пад Івацэвічамі. Менавіта там ў 1746 годзе з'явілася немаўля, ахрышчанае ў каталіцкую веру Андрэем Тадэвушам Банавентурам. З дакладнай датай нараджэння ў гісторыкаў разыходжанні - гэта альбо 4, альбо 12 лютага. Акрамя таго, у 1990-я гады на сродкі польскага боку быў адноўлены дом, у якім будучы герой Польшчы нарадзіўся.

Само паўстанне 1794 года ў гісторыі нашай краіны разглядаецца досыць павярхоўна, калі не сказаць, халаднавата, а яго параза і рэпрэсіі ў дачыненні да ўсіх удзельнікаў ці нават проста западозраных у «нядобранадзейнасці» да Расейскай імперыі стварылі негатыўны арэол самой падзеі. І не дзіва, Касцюшка патрабаваў, на думку большасці сваіх сучаснікаў, немагчымага - павагі да цэласнасці сваёй краіны, а таксама роўных правоў для ўсіх яе жыхароў, па-за залежнасці ад фінансавага і палітычнага становішча. Зрэшты, гэтыя мары і сёння выглядаюць трохі наіўна...

Імя Тадэвуша Касцюшкі носяць: самая высокая гара Аўстраліі, 34-метровы курган у польскім Кракаве, масты ў Нью-Ёрку і амерыканскай Олбані, востраў на Алясцы, акруга ў амерыканскім штаце Індыяна, горад на рацэ Місісіпі, а таксама больш двухсот аб'ектаў ва ўсім свеце. Памяць пра героя, імя якога звязваюць у першую чаргу з Польшчай, увекавечаная ў сотнях жывапісных палотнаў, скульптурных малюнках, музеях і літаратурных творах. Вось толькі ці памятаюць беларусы, што гэты герой - нашай крыві?

Апошнія навіны