BE RU EN

Замест грошай за працу ў Расеі беларусы атрымалі крымінальную справу

  • 23.09.2017, 16:28

Абарона перакананая, што справа сфабрыкаваная супрацоўнікам Лельчыцкага РАУС з дапамогай былога працадаўцы беларусаў.

Суддзя Гомельскага абласнога суда Васіль Бягун скасаваў пастанову Калінкавіцкага раённага суда адносна працоўных з Лельчыцаў Аляксандра Будзько і Руслана Грысько, якія атрымалі заробак за працу ў Расеі расейскімі рублямі ў Беларусі, і скіраваў адміністрацыйную справу на новы разгляд новым складам суда, паведамляе «Белсат».

16 жніўня суддзя Калінкавіцкага суда Кугейка пакарала кожнага штрафам памерам Br 1380 рублёў і канфіскацыяй – таксама ў кожнага – 100 тысячаў расейскіх рублёў за незаконную валютную аперацыю.

Будзько і Грысько не прызналі сваю віну, з пастановай раённага суда не пагадзіліся і падалі касацыйную скаргу ў абласны суд у Гомелі.

Праваабаронца Віталь Манько: У справе гастарбайтараў мы маем справу з фактамі карупцыі

Мужчыны перакананыя, што справу старэйшы оперупаўнаважаны Лельчыцкага РАУС Валянцін Хомчыц сфабрыкаваў з дапамогай іхняга былога працадаўцы Анатоля Сніцарава.

За два гады працы беларусаў у Маскве Сніцараў застаўся вінен ім буйную суму грошай. Мужчыны мяркуюць, што такім чынам ён таксама меў намер пазбавіцца ад канкурэнтаў на рынку будаўнічых паслуг у Маскве: праз частыя недаплаты яны пайшлі ад яго і заснавалі сваю будаўнічую фірму.

Суддзя абласнога суда Васіль Бягун у судовай пастанове адзначыў, што ў справе існуе сутыкненне законаў. Адказнасць за незаконнае атрыманне плацежных сродкаў прадугледжаная прэзідэнцкім указам 49 і адміністрацыйным кодэксам. Прычым указ прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за такое правапарушэнне. Да гастарбайтараў Калінкавіцкі суд ужыў больш жорсткую меру пакарання, хоць, згодна з законам, у выпадках калізіі законаў суд павінен прымаць пастанову ў інтарэсах грамадзянаў і абіраць найменшае пакаранне.

Акрамя таго, не былі ўзятыя пад увагу змякчальныя акалічнасці: наяўнасць няпоўнагадовых дзяцей у жыхароў Лельчыцаў і адсутнасць адміністрацыйных спагнанняў. Суддзя Васіль Бягун вынес таксама прыватнае прадпісанне пачаць праверку адносна старэйшага оперупаўнаважанага Лельчыцкага РАУС Валянціна Хомчыца, які вёў адміністрацыйную справу гастарбайтараў і непасрэдна кіраваў іх затрыманнем падчас перадачы расейскіх грошай.

«Тут, на маю думку, класічны выпадак карупцыі, – каментуе праваабаронца з Калінкавічаў Віталь Манько, які прапанаваў гастарбайтарам прававую дапамогу. – Мы маем доказы цесных стасункаў паміж Анатолем Сніцаравым і міліцыянтам Валянцінам Хомчыцам. Ёсць фатаграфіі, дзе сям'я Хомчыца адпачывае на лецішчы ў Сніцарава ў Анапе, ёсць сведчанні супрацоўнікаў рэстарана ў Анапе, што некалькі разоў Сніцараў і сям'я Хомчыца вячэралі разам – прычым на даволі буйныя сумы. Мы таксама знайшлі доказы таго, што Хомчыц шляхам угавораў і запалохвання ў Маскве спрабаваў пераканаць калегаў – будаўнікоў Будзько і Грысько – даць супраць іх ілжывыя паказанні, што апошнія, нібыта, з імі не разлічыліся за працу. Такім чынам, ён спрабаваў сфабрыкаваць яшчэ і крымінальную справу супраць Будзько і Грысько. Мы маем пісьмовыя, аўдыя- і відэадоказы».

СМС з пагрозамі ад міліцыі

У ходзе разгляду справы ў абласным судзе цягам месяца Будзько і Грысько атрымлівалі шматлікія СМС з пагрозамі і абразамі на свой адрас. Ананімы патрабавалі спыніць пісаць скаргі і заявы на супрацоўнікаў міліцыі. Высветлілася, што адзін з нумароў, з якога паступілі пагрозы Будзько і Грысько, належыць супрацоўніку Лельчыцкага РАУС.

З фактамі карупцыі і змовы паміж Сніцаравым і оперупаўнаважаным, а таксама пагрозаў ад ананімных удзельнікаў гастарбайтары ўжо звярнуліся з заявамі і скаргамі ў Лельчыцкі РАУС, пракуратуру і Следчы камітэт. Акрамя таго, гастарбайтары пры дапамозе блогера Віталя Манько надалі справе галоснасць. Віталь Манько выпусціў ужо 8 відэаролікаў, дзе падрабязна разглядае акалічнасці гэтай справы. Ролікі маюць дзясяткі тысячаў праглядаў і актыўна каментуюцца.

«Мы – сумленныя людзі, нам няма чаго хаваць, – кажа Аляксандр Будзько. – Праз такіх супрацоўнікаў, як Хомчыц, суддзя Кугейка і іншыя, мы страцілі веру і давер да праваахоўных органаў і правасуддзя. Мы з Русланам ужо некалькі месяцаў пішам скаргі і заявы ў розныя інстанцыі, каб правялі праверку дзеянняў міліцыянтаў, і да гэтага часу мы не атрымалі яшчэ ні аднаго адказу. Але цяпер, калі ўжо сам суддзя абласнога суда вынес прадпісанне пачаць праверку дзеянняў міліцыянта Хомчыца, мы спадзяемся, што дзеянні міліцыі атрымаюць належную прававую ацэнку і справядлівасць будзе адноўленая».

Абласны суд у Гомелі адмяніў пастанову Калінкавіцкага раённага суда. Наперадзе ў гастарбайтараў новы разгляд справы. Паводле КаАП, ім пагражае максімальны штраф да 50 базавых велічыняў. Канфіскацыя грошай не прадугледжаная.

Апошнія навіны