BE RU EN

Курт Уолкер выкрыў расейскага пранкера

  • 23.09.2017, 14:35

Пранкеры працуюць пад дахам расейскіх спецслужбаў, заяўляюць у СНБА Украіны.

Расейскі пранкер спрабаваў звязацца са спецпрадстаўніком Дзярждэпартамента ЗША ў пытаннях Украіны Куртам Уолкерам ад імя сакратара Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксандра Турчынава. Пра гэта 23 верасня паведаміў сайт Турчынава са спасылкай на прэс-службу СНБА.

Адзначаецца, што амерыканскі дыпламат выкрыў пранкера.

"Апошнім часам падобныя правакацыі з боку пранкераў, якія працуюць пад дахам расейскіх спецслужбаў, пачасціліся. Іхняя мэта – спроба дэзавуяваць поспехі ўкраінскіх уладаў на міжнароднай арэне", – гаворыцца ў паведамленні.

У жніўні расейскія пранкеры Уладзімір Кузняцоў (Вован) і Аляксей Сталяроў (Лексус) сцвярджалі, што ад імя Турчынава пагутарылі з генеральным дырэктарам "Южмаш" на тэму скандалу вакол нібыта паставак украінскіх ракетных тэхналогіяў КНДР.

Пасля гэтага сакратар СНБА заклікаў украінскіх чыноўнікаў карыстацца сродкамі нацыянальнай спецсувязі.

Апошнія навіны