BE RU EN

У Кіеве на Майдане разгарнулі 15-метровы бел-чырвона-белы сцяг

  • 19.09.2017, 20:59

Беларусы і ўкраінцы адзначылі Дзень нацыянальнага сцяга і герба.

19 верасня 1991 году бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. У гадавіну гэтай падзеі беларускія і ўкраінскія актывісты разгарнулі ў Кіеве на Майдане Незалежнасці вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

Беларускі актывіст Алег Аўчыннікаў сказаў «Радыё Свабода», што сшыў яго сам:

«Тут немагчыма купіць сцяг, таму даводзіцца заказваць або шыць самім. Апошняе - танней».

Самаробныя бел-чырвона-белыя сцягі Алег дорыць украінскім сябрам, якія падтрымліваюць Беларусь.

Да ўдзельнікаў акцыі падыходзілі мінакі, віталі іх лозунгам «Жыве Беларусь!» і пакідалі на сцягу свае пажаданні беларусам.

«Гадуйце новую эліту ўжо, бо калі пераможаце - будзе каму кіраваць дэмакратычнай Беларуссю», - напісаў Глеб з Адэсы.

«Зычу Беларусі заквітнець і стаць вольнай, магутнай і шчаслівай дзяржавай. Дзякую вам за падтрымку Украіны», - пажадала кіяўлянка Кацярыны.

«За свабодную нацыю. У сваім доме свая праўда, і сіла і воля», - працытавала Тараса Шаўчэнку Ірына з Чэркас. Яна кажа, што ваявала разам з Віталём Цялежанкам і Алесем Чаркашыным, якія загінулі на Данбасе.

Акцыю арганізавалі Беларускі цэнтр ва Украіне «Сябры», беларускія добраахвотнікі і рух салідарнасці «Разам». Да іх далучыліся ўкраінскія актывісты.

Арганізатары акцыі перададуць сцяг з пажаданнямі ўкраінцаў у Менск. Яны думаюць, што гэта будзе падтрымкай актывістаў, якіх у Беларусі цкуюць за абарону нацыянальных інтарэсаў.

Апошнія навіны