BE RU EN

Мітрапаліт Павел заклікаў беларусаў «галасаваць нагамі» за «Мацільду»

  • 19.09.2017, 11:48

Кіраўнік БПЦ рэкамендуе вернікам не глядзець гэты фільм у кінатэатрах.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі патлумачыў, як ён ставіцца да фільма «Мацільда», і як да гэтай кінастужкі варта ставіцца парафіянам. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю афіцыйнаму парталу БПЦ.

«На сёння афіцыйнай пазіцыі Расейскай Праваслаўнай Царквы аб гэтым фільме няма, але меркаванне вельмі многіх людзей мы можам чуць. Гэты фільм яшчэ не выйшаў у пракат, а пра яго ўжо ідуць дыскусіі. Я адмыслова прагледзеў некалькі відэаролікаў, якія сёння даступныя ў інтэрнэце, і ў мяне склалася вельмі непрыемнае ўражанне пра фільм», - адзначыў мітрапаліт.

Ён таксама адзначыў, што асабіста яму незразумелая задума фільма «Мацільда».

«Навошта і для чаго ён ствараўся? А вынік яго стварэння ўсім відавочны. Ён падзяліў наша грамадства, пасеяў смуту ў сэрцах многіх людзей, выклікаў хвалю абурэння ў тых, для каго імператар Мікалай Другі - страсцецерпец і пакутнік», - сказаў мітрапаліт Павел, адзначыўшы, што імператар - святы, і памяць аб ім «святая для ўсіх праваслаўных хрысціян».

Паводле слоў мітрапаліта Паўла, асаблівую горыч і абурэнне выклікае тое, што паказ фільма плануюць ажыццявіць восенню 2017 года - у гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. «Хочацца звярнуцца і спытаць у тых, хто ствараў гэты фільм - чым жа мы лепшыя за французскі часопіс «Шарль Эбдо», які здзекуецца з таго, што дорага людзям, з тых пачуццяў, якія перажываюць людзі, якія страцілі блізкіх у складаных абставінах? Ды нічым! У нас адбываецца куды больш сумнае падзея - мы здзекуемся са сваёй гісторыі. І гэта страшна!» - сказаў мітрапаліт.

Ён нагадаў, што царква не можа забараніць паказ фільма «Мацільда» і ў яе няма такой улады. Але, на перакананне кіраўніка БПЦ, кожны чалавек, «можа галасаваць нагамі». «Ніякай агрэсіі з боку вернікаў не павінна быць. Проста не хадзіце на гэты фільм», - заклікаў вернікаў мітрапаліт Павел.

Нагадаем, ажыятаж вакол фільма «Мацільда» Аляксея Учыцеля не сціхаюць у Расеі ўжо больш за год. У святле гэтых падзей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь таксама ставіла пад сумнеў магчымасць выхаду стужкі на беларускія экраны. Але на пачатку верасня стала вядома, што фільм усё ж пакажуць у айчынных кінатэатрах.

У Расеі ж пракат стужкі пад пагрозай - уладальнікам кінатэатраў прыходзяць пагрозы, былі адзначаныя выпадкі падпалу аўтамабіляў, а патэнцыйным гледачам пагражаюць як фізічнай карай, так і «стратай душы».

Да фільма гэтак жа неадназначна паставілася Расейская праваслаўная царква, але ў афіцыйнай заяве сказана, што РПЦ не выступае за забарону фільма.

Апошнія навіны