BE RU EN

Леанід Заіка: Людзі Лукашэнкі жыруюць на бензіне

  • 19.09.2017, 7:48

Пасля лістапада кошты на запраўках пачнуць расці.

Учора ўрад Расеі няпланава падвысіў акцызы на бензін. Гэта стала значна большым падвышэннем акцызаў, чым прадугледжана падатковым кодэксам краіны-суседкі.

У той жа час беларускія ўлады, як адзначаюць экспэрты, ужо працяглы час штучна стрымліваюць кошты бензіну. Чым абернецца для беларусаў рост коштаў аўтамабільнага паліва ў Расеі, улічваючы глыбокую інтэграванасць беларускіх НПЗ у энэргетычную сістэму ўсходніх суседзяў? На гэтае пытанне Charter97.org адказвае кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», эканаміст Леанід Заіка:

- Сёння мы назіраем, як спаборнічаюць дзве групы нафтавых лобі - беларускага і расейскага. Яны ніяк не хочуць стварыць агульны рынак паліва, які б дзейнічаў паводле аб'ектыўных эканамічных законаў.

У Расеі літр бензіну А-92 каштуе цяпер у пераліку на даляры блізу 68 цэнтаў. У Беларусі - блізу 60 цэнтаў. Гэта значыць, нават цяпер, без павышэння ў РФ цэн услед за акцызамі, у беларускага нафтавага лобі ёсць куды павышаць кошт. Акрамя таго, расейскі бензін будзе яшчэ даражэць. З гэтага пункту гледжання ў Беларусі ўсё ідзе да таго, каб кошты аўтамабільнага паліва былі падвышаныя.

З пункту гледжання сацыяльнага і нават маральнага, з улікам больш нізкіх даходаў беларусаў, я мяркую, што кошты бензіну павінны заставацца такімі, як ёсць.

- Якому пункту гледжання аддасць перавагу ўрад? Як будуць далей развівацца падзеі?

- У гэтым месяцы нейкай рэзкай неабходнасці ў павышэнні коштаў бензіну ў Беларусі няма. Але тут трэба разумець адзін момант: падвышэнне коштаў на АЗС - гэта падвышэнне даходаў нафтавага лобі: кіраўнікоў НПЗ, топ-экспарцёраў прадуктаў нафтаперапрацоўкі і малых прадпрыемстваў пад іх «дахам». Людзі Лукашэнкі проста жыруюць на бензіне і на нафце.

І калі эканамічна няма асаблівай патрэбы ў падвышэнні коштаў бензіну, то на практыцы многае залежыць ад пастаноў унутры клана нафтавага лобі. Бо палова кошту беларускага бензіну - гэта падаткі, ПДВ і акцыз.

Таксама вялікае значэнне будуць мець суадносіны курсу беларускага рубля да расейскага. Калі расейскі рубель будзе ўмацоўвацца, то ў падвышэнні кошту бензіну ў Беларусі неабходнасці няма. Калі сусветныя кошты нафты пойдуць уніз і расейскі рубель пахіснецца, то беларускае нафтавае лобі «прадушыць» падвышэнне кошту бензіну.

Таксама трэба ўлічваць, што ў Беларусі і Расеі ўлады цяпер кажуць пра «барацьбу з інфляцыяй». Таму з пункту гледжання ўнутранай эканамічнай палітыкі да лістапада ім нявыгадна сур'ёзна падвышаць кошты бензіну.

- А пасля лістапада?

- Пасля лістапада-снежня, калі яны дадуць справаздачу за вынікі года, можа адбыцца студзеньскі скачок коштаў, у тым ліку і на аўтамабільнае паліва.

Традыцыйна ў Беларусі кошты бензіну заўсёды толькі падвышаліся. Я не памятаю яшчэ сітуацыі, калі было наадварот - хіба толькі ўлетку 2011 года, калі пачаліся народныя пратэсты. А так - кошты бензіну ў Беларусі і Расеі могуць толькі падвышацца.

У ЗША яны перыядычна паніжаюцца, у Нямеччыне паніжаюцца пасля падзення сусветных коштаў нафты - а ў Беларусі свае правілы. У нас у краіне ў гэтай сферы - абсалютна не рынкавая сітуацыя, тут перамагае чыста лабісцкі падыход.

Апошнія навіны