BE RU EN

Талоны на свабоду

  • 17.09.2017, 15:13

Як насельніцтва Савецкага Саюза стала ўдзельнікам першага «шаху», абвешчанага імперыі.

17 траўня 1985 года ўсяму даросламу насельніцтву Савецкага Саюза і, як пазней высветлілася, савецкай эканоміцы быў пастаўлены шах – да мату таксама заставалася нядоўга, піша часопіс «Большой».

У гэты дзень у газеце «Праўда» быў апублікаваны і ўступіў у сілу ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб узмацненні барацьбы з п'янствам», які больш вядомы як «сухі закон». Нягледзячы на тое, што за гады дзеяння пастановы сярэдні тэрмін жыцця мужчынскага насельніцтва вырас на 2,5 года, значна скарацілася злачыннасць, вызваленыя ў псіхіятрычных лякарнях ложкі былі аддадзеныя пацыентам неалкагольнага профілю, многія аналітыкі гэты ход урада пасля разглядалі як шырокі крок да жабрацтва і наступнага развалу некалі магутнай дзяржавы. Паводле некаторых падлікаў вытворчасць і рэалізацыя алкагольнай прадукцыі давала бюджэту прыбытак 25–30%, адпаведна, калі ў першыя гады 12-й пяцігодкі замест звыклых 806 мільёнаў літраў гарэлкі да насельніцтва дайшло толькі 60 мільёнаў, казна пачала трашчаць. А з улікам неабходных грашовых уліванняў праз чарнобыльскія праблемы і патанненне нафты бюджэт краіны ўпершыню за доўгія гады стаў дэфіцытным.

Калі штучна знізіць прапанову ўлады здолелі, то з попытам было складаней: ён заставаўся на ранейшым узроўні, бо добраахвотную адмову людзей спажываць алкаголь ні ў якай пастанове не прапішаш. У крамах з'явіліся вялізныя чэргі, праз што людзі спазняліся на працу, студэнты прагульвалі заняткі. Хто дрэнна пераносіў вялікую колькасць народу, пачаў ужываць розныя спіртазмяшчальныя рэчывы – адэкалоны, клеі, мыйныя сродкі. Гэта, натуральна, прыводзіла да вялікай колькасці смерцяў сярод працаздольнага насельніцтва, але людзей было ўжо не спыніць. Наадварот, народ ставіўся з гумарам да сітуацыі: нараджалася шмат баек, легендаў, выдуманых і не вельмі гісторыяў. Напрыклад, інтэлігентнага выгляду мужычок просіць прадаўшчыцу памяняць набыты флакончык адэкалону «Шыпр» праз пашкоджаную этыкетку. Тая агрызаецца: маўляў, усё роўна піць будзеш. Мужык папраўляе акуляры: «Так, буду, але мне гасцям на стол ставіць!»

У дэалкагалізаваным СССР былі і свае «пацёмкінскія вёскі» – вяселлі без спіртных напояў на сталах. Гасцям прапаноўваліся толькі сокі, ахаладжальныя напоі і гарбата. Пра такія ўрачыстасці, усхваляючы камсамольцаў-непітушчых, пісалі нават цэнтральныя газеты. Але цынізм сітуацыі заключаўся ў тым, што ў самавары налівалі гарэлку, а ў заварныя імбрыкі – каньяк. Пад канец вяселля госці літаральна валіліся пад стол ад моцна заваранай «гарбаты».

У савецкім харчовым квэсце была яшчэ адна складаная задача: мала было валодаць грашыма і жаданнем стаяць у чэргах – неабходныя былі талоны на пэўную групу тавараў. У разрад дэфіцыту трапляла практычна ўсё: каўбаса, крупы, соль, цукар, а таксама тытунь і спіртныя вырабы. Талоны на гарэлку ўвогуле былі своеасаблівай валютай: іх шанавалі нават тыя, хто не ўжываў спіртнога. Напрыклад, гаспадыні нярэдка расплачваліся імі за працу з сантэхнікамі, электрыкамі, грузчыкамі. Вялікім попытам карысталіся і талоны на цукар, таму што народ прадказальна ўдарыў у «сухі закон» самагонаварэннем. Смешна, што талоны на спіртное выдаваліся на ўсю сям'ю – нават на немаўлятаў размяркоўваліся гарэлка і цыгарэты. Магчыма, улады такім нязграбным крокам спрабавалі хоць неяк папрасіць прабачэння ў насельніцтва за сітуацыю ў краіне.

Форма і колер талонаў у рэгіёнах СССР былі рознымі, магла адрознівацца і вага атрыманых тавараў. Але прынцып заставаўся тым самым: стандартны спіс прадуктаў размяркоўваўся на колькасць чальцоў сям'і. Талоны можна было атрымаць альбо ў прафкаме на месцы працы, альбо ў ЖЭСе на месцы жыхарства. З развалам СССР талонная сістэма імгненна не знікла, дзякуючы пастанове Саўміна (дарэчы, падпісваў яе Міхаіл Мясніковіч як намеснік кіраўніка Саўміна) яна трохі трансфармавалася: прадукты, уключаючы алкаголь, можна было атрымліваць паводле спісаў, талонаў, візітнай карткі пакупніка. Але абавязкова з паказваннем пашпарта: такім чынам урад страхаваў ад вывазу дэфіцытнай прадукцыі за межы маладой дзяржавы. Дарэчы, савецкія талоны на алкаголь можна набыць і цяпер: іх прапаноўваюць за пяць сучасных беларускіх рублёў на спецыяльных сайтах для калекцыянераў.

Апошнія навіны