BE RU EN

Барыс Луцэнка адзначае юбілей

  • 16.09.2017, 10:01

Народнаму артысту Беларусі, рэжысёру, прафесару Барысу Луцэнку сёння спаўняецца 80 гадоў.

Барыс Луцэнка нарадзіўся ў 1937 годзе ў горадзе Майкоп (Адыгея, Расея). Шлях у прафесійнае мастацтва рэжысёра пачынаўся з кінематографа, з эпізадычнай ролі ў фільме «У акопах Сталінграда». Тады Барыс Іванавіч вучыўся ў чыгуначным тэхнікуме ў Растове-на-Доне. Недалёка ад тэхнікума ў Доме культуры быў народны тэатр, дзе Луцэнка атрымаў галоўную ролю ў спектаклі «Дарослыя дзеці». Так здарылася, што спектакль паглядзеў асістэнт рэжысёра-пастаноўшчыка фільма «У акопах Сталінграда» Аляксандра Іванова. І ўжо праз тыдзень малады актор быў зацверджаны на эпізадычную кінаролю афіцэра, паведамляе БелТА.

У 1967 годзе Барыс Іванавіч скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў рэжысёрам Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага (1973-1981). З 1982 да 1991 год быў галоўным рэжысёрам Тэатра-студыі кінаактора, з'яўляўся мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага (1991-2008). З 2008 года - рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.

Барыс Іванавіч Луцэнка - адзін з вядучых рэжысёраў Беларусі, ён паставіў больш за 100 спектакляў у тэатрах Беларусі, Расеі, Украіны, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Швейцарыі. Сярод найлепшых пастановак: у тэатры імя Янкі Купалы - «Традыцыйны збор», у Рускім тэатры - «Макбет» і «Гамлет», у Бэрліне - «Рэвізор». На кінастудыі «Беларусьфільм» зняў фільм «Раскіданае гняздо», тэлеспектаклi «Задураны апостал», «Вяртанне ў Хатынь». Паставіў оперны спектакль «Кавалер руж» Р. Штрауса на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Барыс Луцэнка - народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Апошнія навіны