BE RU EN

Праваабаронцы сталі на абарону Ганны Бахціной

  • 13.09.2017, 21:30

Беларускія праваабаронцы патрабуюць скасаваць пастанову аб пазбаўленні ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахціной.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі спыніць умяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры.

Яны патрабуюць скасаваць пастанову аб пазбаўленні ліцэнзіі адвакаткі Ганны Бахціной. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве, якую падпісалі 11 праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя.

Праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў:

- неадкладна спыніць умяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатуры і забяспечыць яе незалежнасць на заканадаўчым узроўні шляхам унясення адпаведных змяненняў у дзейнае заканадаўства;

- спыніць ціск на адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону фігурантаў палітычна матываваных спраў і спраў, звязаных з абаронай правоў чалавека;

- скасаваць адпаведную пастанову кваліфікацыйнай камісіі Мінюста, якая з'яўляецца перашкодай у ажыццяўленні прафесійнай адвакацкай дзейнасці Ганны Бахціной;

Менскую гарадскую калегію адвакатаў яны просяць не прымаць пастанову аб адлічэнні Ганны Бахціной са складу калегіі.

У заяве адзначаецца, што Міністэрства юстыцыі праводзіла праверку шэрагу адвакатаў Менскай гарадской і Магілёўскай абласной калегій адвакатаў. Паводле яе вынікаў была прызначаная пазачарговая атэстацыя, у тым ліку не менш як 21 чалавека з Менскай гарадской калегіі адвакатаў.

«Акрамя таго, блізу 60 адвакатаў чакае чарговая пераатэстацыя, якая праводзіцца раз у пяць гадоў. Яны будуць праходзіць тэст на прафпрыдатнасць у калегіях адвакатаў. Аднак існуе яшчэ спіс з васьмі абаронцаў, пераатэстацыю якіх у лістападзе гэтага года будзе праводзіць непасрэдна Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі», - гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы неаднаразова выказвалі сваю занепакоенасць тым, што дзяржаўныя органы ўмешваюцца ў дзейнасць адвакатуры.

Яны выступалі ў абарону адвакатаў, якія былі пазбаўленыя права займацца прафесійнай дзейнасцю «выключна ў сувязі з іх удзелам у якасці абаронцаў у палітычна матываваных крымінальных справах».

Раней у інтэрв'ю Charter97.org вядомая беларуская журналістка Ірына Халіп заклікала адвакатаў абараніць Ганну Бахціну.

Апошнія навіны